У Іванаве сілавікі шукаюць калгаснікаў, датычных да верагоднай дыверсіі
У горадзе Іванава ды раёне ізноў неспакойна: міліцыя ды АМАП ужо некалькі дзён робяць масавыя «візіты» да грамадзян, паведамляюць праваабаронцы. Падстава – меркаваны выбух на чыгунцы недзе ў Берасцейскай вобласці. Паколькі ля места дыверсіі знайшлі каністры з фарбаваным палівам, якое выкарыстоўваюць у калгасах, то сілавікі прайшліся па запраўках, дзе «лажылі тварам у падлогу». Потым праваахоўнікі пайшлі па калгасах ды калгасніках. Апошняе вядомае месца, дзе сілавікі праявілі актыўнасць – гэта разгон народу у іванаўскім бары «Мёд». Адбылося гэта ў ноч з 5 на 6 жніўня. А другой гадзіне ночы, калі бар павінен быў зачыняцца, туды прыехаў АМАП. Прысутным загадалі разысціся, тых, хто не пагадзіўся, затрымалі. Пэўная частка пайшла працягваць адпачынак на запраўку. Амапаўцы прыехалі туды, затрымалі некалькі чалавек і склалі пратаколы.
Акрамя мясцовых міліцыянтаў удзел у разгонах і затрыманнях прымаюць менскія сілавікі, якія прыехалі на аўто з менскімі нумарамі.
Нагадаем, што ўсяго 3 тыдні таму ў Іванаве ўжо была хваля ператрусаў і затрыманняў. Тады было затрымана не менш за 8 чалавек. Тады таксама былі заўважаныя сталічныя сілавікі.
Фота: stroy-podskazka.ru