У Івацэвіцкім раёне – крыху больш за 130 выпадкаў COVID-19
Крыху больш за 130 станоўчых тэстаў на COVID-19 зафіксавана ў Івацэвіцкім раёне. Такія звесткі агучваюцца для дзяржаўных медыя. Пры гэтым трыццаць шэсць пацыентаў зараз знаходзяцца на стацыянары, а дзевяноста сем ужо выпісаныя.
Пры гэтым незалежныя СМІ па-ранейшаму не маюць доступу да каментароў, – адзначыў галоўны рэдактар сайта «Першы рэгіён» Павел Дайлід:
– Трэба сказаць, што за апошні месяц дадзеных па Івацэвіцкім раёне не публікуецца ў тым выглядзе, як гэта было напачатку. Калі напачатку казалі, што вось першы захварэўшы, потым – ужо ў нас там трое хворых, потым – пяць. Калі гэта лічба вырасла, перасталі даваць колькасць усіх хворых на каронавірус па раёне, сталі казаць толькі пра тых, якія ляжаць і лякуюцца ў лякарні.
Павел Дайлід звярнуў увагу, што паколькі колькасць хворых на каронавірус штодня толькі павялічваецца, то хутка скончыцца інфармацыйны вакуум. Людзі ўсё адно праз пэўны час пачнуць скардзіцца на недахоп месцаў у лякарнях і недастаткова якаснае лячэнне.
Беларускае Радыё Рацыя