У Івацэвіцкім раёне патануў 9-гадовы хлопчык
У горадзе Косава Івацэвіцкага раёна патануў дзевяцігадовы хлопчык. Ён жыў у Івацэвічах, у Косаве гасцяваў у сваякоў.
Як паведамілі БелаПАН у Берасцейскім абласным савеце „Асвода”, днём 21 чэрвеня хлопчык гуляў з сябрамі ля штучнага вадаёма, што абкладзены жалезабетоннымі плітамі. Ён спусціўся па бетонных прыступках да вады, паслізнуўся, стукнуўся галавой аб бетон і ўпаў у ваду.
Гэта ўбачылі сябры хлопчыка і паведамілі пра здарэнне яго сваяку. Той у 15.40 дастаў дзіця з вадаёма. Брыгада хуткай меддапамогі, якая прыбыла на месца выкліку, у 16.03 канстатавала смерць хлопчыка.