У Івацэвіцкім раёне ў выніку ДТЗ загінуў кіроўца, дзве асобы траўмаваныя



У Івацэвіцкім раёне 31 жніўня ў ДТЗ загінуў адзін чалавек, двое траўмаваныя.

Як паведамляе ДАІ УУС Берасцейскага аблвыканкама, аварыя адбылася каля 9.43 на 186-м кіламетры дарогі М11 (мяжа Літвы — Ліда — Слонім — Быцень).

На скрыжаванні з аўтадарогай Р2 (Стоўбцы — Івацэвічы — Кобрын), якая з’яўляецца галоўнай, кіроўца „Сеата-Альхамбры” сутыкнуўся з грузавіком „МАЗ” з паўпрычэпам, які рухаўся па гэтай дарозе.

Паводле папярэдніх даных, кіроўца легкавога аўтамабіля не выканаў патрабаванне дарожнага знака 2.5 „Рух без прыпынку забаронены”.

У выніку аварыі 45-гадовы вадзіцель „Сеата”, жыхар Гарадзенскай вобласці, загінуў на месцы, яго 16-гадовы сын і 21-гадовая дачка атрымалі траўмы і шпіталізаваныя ў Івацэвіцкую цэнтральную раённую бальніцу.

Работнікі МНС з дапамогай адмысловай прылады дасталі з аўтамабіля цела кіроўцы і дэблакавалі траўміраваных пасажыраў.

belapan.com