У Івацэвіцкім раёне з’явіўся жывадзёр
У Івацэвіцкім раёне атрымала розгалас забойства бадзяжных сабак у вёсцы Любішчыцы невядомым жывадзёрам. Гэты факт стаў публічным, бо на павешаных на дрэвах з асаблівай жорсткасцю сабак натрапілі дзеці. Яны сфатаграфавалі сабак і выкінулі ў сацсеткі, кажа грамадскі актывіст з Івацэвічаў Павел Дайлід:
– Гэта лесапасадка побач з вёскай, там ходзяць дзеці і ўсё гэта бачаць. І раней гэта адбывалася. Нейкі чалавек пастаянна забівае такім чынам сабак.
Паводле абаронцы жывёл Яўгеніі, вясковых жыхароў гэта не здзівіла. Бо такі метад забойства непатрэбных сабак для іх звыклы:
– Прыходзіла жанчына да мяне на працу з Любішчыц. Я ў яе пыталася: вы ведаеце? Яна казала, што ведаюць, усе ў курсе. У вёсцы ў іх ва ўсіх так прынята вешаць сабак. Кажа, што ў іх так усе робяць, то бок для іх гэта норма.
Паводле Паўла Дайліда, забойства сабак – гэта не такая рэдкая справа, але крымінальная справа заводзілася толькі ў 2018 годзе. Калі мужчына забіў нажом суседскую сабаку.
Справай забойства сабак заняўся Следчы камітэт Івацэвіцкага раёна.
Беларускае Радыё Рацыя