У Івацэвіцкім раённым судзе пачаўся суд над маці-адзіночкай Вольгай Крондай
У Івацэвіцкім раённым судзе пачаўся суд над маці-адзіночкай Вольгай Крондай.
Яе абвінавачваюць у абразе міліцыянта Івацэвіцкага РАУС Руслана Куцко.
Крымінальную справу на жанчыну завялі пасля таго, як Вольга ў інтэрнэце пад здымкам Куцко напісала „знаёмая морда” і размясціла побач тры смайлікі-пірожныя, якія міліцыянт успрыняў як “какашкі”. Суддзя Аляксандр Кірыловіч зрабіў працэс па просьбе Куцко закрытым, кажа Вольга:
– На суд прыйшлі журналісты. Але Куцко сказаў, што ў мэтах бяспекі і не агучвання звестак, якія прысутнічаюць у крымінальнай справе, якія прыніжаюць яго гонар, а таксама для забеспячэння яго бяспекі, просіць зрабіць суд закрытым. Былі супраць і адвакат, і я.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сержука Русецкага, беларускія міліцыянты масава кінуліся зарабляць на тых, хто мае крытычны погляд на іх “дзейнасць”, асабліва ў паслявыбарчы перыяд:
– За нейкія словы, за нейкае суб’ектыўнае меркаванне спадарыні Вользе пагражае даволі вялікі тэрмін пакарання. Яшчэ патрабуецца сплаціць маральную шкоду – 2000 рублёў.
Паводле Вольгі Кронды, сапраўднай пацярпелай з’яўляецца яна. Двойчы вобыскі, апісанне і арышт матчынай маёмасці, з якою яна жыве. Пагрозы „дурдомам” і пазбаўленнем мацярынства, падпіскі аб нявыездзе не толькі з Беларусі, але і з раёна пры хворай яе дачцэ, якой патрэбна медычная дапамога ў вобласці і рэспубліцы.
Беларускае Радыё Рацыя