У ізалятары не прынялі перадачу для Мікалая Статкевіча



У жонкі палітыка, кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч супрацоўнікі цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў не прынялі прадуктовай перадачы для яе мужа, прычым зрабілі гэта ў грубай форме.

Па словах жанчыны, яе літаральна выштурхалі з цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў:

– Выштурхнулі не ўзяўшы перадачу для Міколы, выбіўшы ў мяне з рук мабільны тэлефон і пагражаючы мне крымінальным пераследам на падставе таго, што я патрабавала іх патлумачыць на якой падставе яны не прымаюць прадукты, якія не ўваходзяць у пералік забароненых у адпаведнасці з пастановай іх жа міністэрства. Яблыкі, напрыклад, апельсіны, цвёрды сыр. Магу назваць прозвішча, дзяжурны капітан Нікулін.

Марына Адамовіч сказала, што будзе абскарджваць падобныя дзеянні аховы.

Нагадаем, што Мікалай Статкевіч асуджаны на 15 сутак арышту за заклік да малебну ў абарону мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах, у якім па загаду ўладаў пачаўся знос крыжоў. Суд Цэнтральнага раёну расцаніў гэта як заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск