Удзельніцы “Матчынага руху” пачалі галадоўку



У Калінкавічах трымаюць галадоўку ўдзельніцы “Матчынага руху”. Пакуль што да акцыі пратэсту, якая праходзіць у прыватнай кватэры, далучылася 6 чалавек. Чакаюцца яшчэ прадстаўнікі іншых рэгіёнаў краіны.

Паводле адной з удзельніц галадоўкі, гамяльчанкі Таццяны Канеўскай, нягледзячы на прэсінг з боку сілавікоў, акцыя будзе працягвацца:

– Часам мне здаецца, што Аляксандар Рыгоравіч гэта ведае і прыкрывае. Часам мне здаецца, што ён да канца не веде, а калі даведаецца, то тады ўсплыве такая хваля беззаконня, што паляціць вярхі. Як людзей зачыняюць? Іх зачыняюць самі ж следчыя, тыя, хто ловіць гэтых хлопцаў. Яны самі робяць закладкі. Шмат выпадкаў, калі чалавеку, які з’яўляецца наркаманам, яны самі даюць грошы для закупкі. І як толькі ён робіць закупку, яны яго саджаюць. І такіх выпадкаў проста тысячы.

Актывісткі “Матчынага руху” выступаюць супраць надзвычай жорсткага заканадаўства ў дачыненні да так званых спажыўцоў наркатычных сродкаў. Галадоўнікі выставілі тры патрабаванні ўладам: перагляд крымінальных справаў, пачынаючы з 2013 года, сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам і перагляд асобных артыкулаў крымінальнага заканадаўства.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель