У калоніі „Віцьба-3” абвясціў галадоўку брытанец Алан Сміт



У папраўчай калоніі № 3 у пасёлку Віцьба пад Віцебскам абвясціў галадоўку грамадзянін Вялікабрытаніі Алан Сміт. Пра гэта паведаміла яго жонка Магдалена Валіньска ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.

„Сёння Алан абвясціў галадоўку ў ПК-3! — напісала яна. — Мы яшчэ не ведаем, што ён патрабуе. Гэта шакавальная і вельмі напружаная навіна. Бог ведае толькі, што адбываецца ў гэтай турме. Ён павінен быць выпушчаны праз 3 месяцы, і я не ведаю, што падштурхнула яго на гэты акт адчаю”.

У пасольстве Вялікабрытаніі БелаПАН паведамілі, што інфармацыя пра галадоўку Алана Сміта ўдакладняецца.

Тым часам жонка асуджанага брытанца паведаміла газеце  „Новы час”, што даведалася пра галадоўку мужа ад „сем`яў іншых зняволеных”, з якімі абменьваецца інфармацыяй. Сама яна апошні ліст ад мужа атрымала ў лютым. „Некаторы час таму яму адмовілі ў перадачы, якая яму належыць паводле закона, — сказала Валіньска. — Але думаю, прычына (галадоўкі. — БелаПАН.) у нечым большым. Яго ўжо пакаралі, пазбавіўшы дыетычнага харчавання, забаранілі хадзіць у спартзалу. Таксама яму нельга працаваць і тэлефанаваць, не дазваляюць перапіску. Нават яго лісты на адрас Лукашэнкі і ў Вярхоўны суд не выходзяць з калоніі. Алан вельмі разважлівы, і думаю, што калі ён пачаў галадоўку, на гэта былі сур`ёзныя прычыны”.

13 ліпеня 2017 года суд Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці прызнаў Алана Сміта вінаватым у арганізацыі незаконнай міграцыі ў Еўрасаюз праз Беларусь шасці грамадзян Ірака і прыгаварыў яго да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Разам з ім асуджаныя два беларусы — Арсеній Рачкоўскі і Вольга Грахоўская прыгавораныя адпаведна да трох гадоў сямі месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму і трох гадоў і аднаго месяца ў калоніі агульнага рэжыму. У судзе Сміт заяўляў, што лічыць прысуд несправядлівым і незаконным. Паводле слоў брытанца, яго правы шматразова парушаліся і ён ні ў чым не вінаваты.

belapan.by

Фота з сайта novychas.by