У Камянецкім раёне затрыманы мужчына, які пагражаў аднавяскоўцам
У Камянецкім раёне затрыманы мясцовы жыхар, які пагражаў аднавяскоўцам стрэльбай.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, 42-гадовага жыхара вёскі Ставы затрымалі 16 лістапада ў лясным масіве супрацоўнікі ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС і Камянецкага РАУС. Міліцыя вяла пошукі мужчыны з 8 лістапада. У гэты дзень ён прыйшоў у дом аднавяскоўкі з паляўнічай стрэльбай і, пагражаючы ёй, два разы стрэліў у сцяну. Затым мужчына зайшоў у дом іншага аднавяскоўца, прыставіў яму да галавы стрэльбу, пагражаючы забойствам. Пасля чаго ўцёк.
Затрыманы змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Вядуцца пошукі стрэльбы, якой мужчына пагражаў аднавяскоўцам.
Камянецкім раённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да гэтага грамадзяніна распачатая справа па ч. 3 арт. 339 КК (хуліганства).