У Камянцы праапераваны ўкраінскі хлопчык, які пацярпеў у ДТЗ



У Камянцы праапераваны ўкраінскі хлопчык, які пацярпеў у ДТЗ, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

13 траўня каля сямі раніцы на 54-м кіламетры аўтадарогі Р98 Камянец — Шарашова — Свіслач непадалёк ад вёскі Мартынюкі здарылася аварыя. Пацярпелі дзеці з украінскай каманды па футболе. Адно дзіця загінула, яшчэ шасцёра з цяжкімі траўмамі былі дастаўленыя ў Камянецкую цэнтральную раённую бальніцу. З Берасця ў Камянец прыбыла брыгада медыкаў. У яе складзе нейрахірург, траўматолаг, рэаніматолаг і іншыя спецыялісты. З Менска — дзіцячы траўматолаг, нейрахірург і дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг.

Дзіця, якое пасля аварыі было ў вельмі цяжкім стане і падлучана да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, 13 траўня прааперавана ў Камянецкай ЦРБ. У сувязі з тым што хлопчык атрымаў спалучаную траўму, у аперацыйнай працавала некалькі брыгад лекараў. Дапамога яму аказаная ў поўным аб’ёме, пасля стабілізацыі стану дзіця пераведзенае ў Берасцейскую абласную бальніцу.

Як адзначаецца ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя, пяцёра хлопцаў былі перавезеныя ў Берасце крыху раней. Ва ўсіх пацярпелых дыягнаставаныя чэрапна-мазгавыя траўмы рознай ступені цяжару, а таксама пераломы і вывіхі. Члены рэспубліканскага кансіліуму зараз працуюць з кожным дзіцём і карэктуюць лячэнне.

Для вырашэння арганізацыйных пытанняў у Берасце сёння быў першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Ён наведаў ўсіх пацярпелых. Міністр аховы здароўя Валерый Малашка узяў сітуацыю пад асабісты кантроль. „Лепшыя лекары Беларусі і ўсе неабходныя матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы задзейнічаныя для аказання дапамогі пацярпелым у аварыі дзецям”, — сказаў ён.

belapan.by

Фота sputnik.by