У карэспандэнта тэлеканала «Настоящее время» ў менскім аэрапорце канфіскаваны ноўтбук
У беларускага карэспандэнта тэлеканала «Настоящее время» Рамана Васюковіча ў Нацыянальным аэрапорце Менск канфіскавалі ноўтбук. Інцыдэнт адбыўся напярэдадні ўвечары. Васюковіч вяртаўся з камандзіроўкі ў Кіеў.
Па словах журналіста, супрацоўнікі памежнай службы канфіскавалі ў яго ноўтбук і дакументы.
Пра затрыманне карэспандэнта стала вядома каля 22 гадзін 11 снежня па беларускім часе. Прыкладна ў 22.30 Васюковіч перастаў выходзіць на сувязь. Праз паўгадзіны журналіст паведаміў, што яго адпусцілі, ноўтбук канфіскаваны «для праверкі на экстрэмізм».
«Апошнія некалькіх месяцаў Васюковіч актыўна асвятляе масавыя пратэсты ў Беларусі, звязаныя з фальсіфікацыямі на выбарах прэзідэнта», – адзначаецца ў паведамленні тэлеканала. У кастрычніку беларускі МЗС пазбавіў «Цяперашні час», як і іншыя замежныя СМІ, акрэдытацыі. 7 жніўня, за два дні да прэзідэнцкіх выбараў, трох карэспандэнтаў дэпартавалі з Беларусі. Улады краіны забаранілі ім уезд на 10 гадоў.
«Настоящее время» – сумесны праект радыёстанцый «Свабода»/«Свабодная Еўропа» і «Голас Амерыкі».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: euroradio.fm