У каронакрызісе: першыя сімптомы



Менскія эканамісты з імпэтам падхапілі новы тэрмін „каронакрызіс” і параўноўваюць новы этап эканомікі з тым, які б мог узнікнуць у выніку хіба што вайны.

Актуальны стан мераў і падзеяў на сёння ў беларускай сталіцы прадставіць наш карэспандэнт Вольга Сямашка:

– За апошнія суткі ў Менску смерцяў ад інфекцыі COVID-19 не зарэгістравана.

Некалькі супрацоўнікаў 10-й гарадской клінічнай бальніцы пасля тэставання на каронавірус атрымалі станоўчы вынік.

У Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Менску прагназуюць вельмі цяжкі красавік. Важна, каб не было пікавага ўздыму выпадкаў па экспаненце, але ў паніку раяць не ўпадаць. Менскія вуліцы амаль штогадзіну агалошваюцца сірэнамі машын „хуткай дапамогі”. Большасць менчкуоў рухаюцца па вуліцах у масках і рэспіратарах.

Па падліках экспертаў Colliers International, значныя страты панеслі арандатары сталічных гандлёва-забаўляльных цэнтраў. Асноўны удар „прынялі на сябе” дзіцячыя цэнтры, аб’екты грамадскага харчавання сярэдняга сегменту і кінатэатры.

Беларускія аўтаімпарцёры і аўтадылеры далучыліся да флэш-мобу # паркуюсядома  і заклікаюць аўтааматараў выконваць рэжым самаізаляцыі. Адпаведна заклікаюць сваіх кліентаў не выязджаць з дому і публікаваць фота ключоў ад сваіх аўтамабіляў, як доказ  унёску у барацьбу з каронавірусам.

Холдынг «Менск Крышталь Груп» запэўніў горад у поўнай стабільнасці вытворчасці алкагольнай прадукцыі.

Беларускае Радыё Рацыя