У кастрычніку па „пратэсных” крымінальных справах асуджана не менш за 95 чалавек



Праваабарончы цэнтр „Вясна” ажыццяўляе маніторынг палітычна матываваных крымінальных спраў, якія зрабіліся асноўным інструментам рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў з пачаткам леташняй кампаніі па выбарах прэзідэнта.

За кастрычнік гэтага года колькасць палітычных вязняў павялічылася на 117 чалавек. ПЦ „Вясна” вядома пра не менш за 95 грамадзянаў, якія былі асуджаныя па палітычна матываваных крымінальным справах за мінулы месяц. З іх 20% складаюць жанчыны, а 80% — мужчыны.

Маніторынг судовых разбіральніцтваў крымінальных спраў зафіксаваў істотны рост асуджаных паводле дыфамацыйных артыкулаў (артыкулы 188, 367, 368, 369, 370, 391 КК). Аналіз „пратэсных” крымінальных спраў, якія разглядаліся судамі ў кастрычніку, паказвае, што працэсы, дзе ў абвінавачванні фігуруюць дыфамацыйныя артыкулы, складаюць 70% ад агульнага ліку такіх спраў.

Такім чынам, судовая сістэма ў пераважнай колькасці выпадкаў працуе на прыгнечанне свабоды выказвання меркаванняў грамадзянамі, якія крытыкуюць прадстаўнікоў улады і службовых асоб. Разам з тым, маніторынг „пратэсных” крымінальных спраў паўгода назад фіксаваў каля 50% асуджаных па артыкулах аб масавых беспарадках і грубым парушэнні грамадскага парадку (за сакавік гэтага года), у той час як у кастрычніку па дадзенай катэгорыі спраў судзілі 24% ад агульнага ліку вядомых ПЦ „Вясна” палітычна матываваных працэсаў.

Такія паказчыкі дазваляюць адзначыць тэндэнцыю, паводле якой беларускія ўлады ад прыгнечання свабоды мірных сходаў перайшлі да дэманстратыўнага грэбавання свабодай выказвання меркаванняў.

Варта адзначыць, што пасля таго як набылі сілу змены і дадаткі ў Крымінальны кодэкс, што тычацца ўзмацнення жорсткасці пакарання паводле артыкулаў, якія выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі дзеля пераследу грамадзян за рэалізацыю сваіх правоў, судовая сістэма актыўна выкарыстоўвае дадзеныя новаўвядзенні ў рэпрэсіўных мэтах.

Назіранне за „пратэснымі” крымінальнымі справамі ў кастрычніку зафіксавала шырокую геаграфію судовага пераследу грамадзян паводле палітычных матываў. Геаграфія палітычна матываваных крымінальных спраў, разгледжаных у кастрычніку, паводле колькасці грамадзянаў, якія зазнаюць пераслед, выглядае наступным чынам:

  • Менск — 36 чалавек;
  • Берасцейская вобласць — 26 чалавек (Берасце, Баранавічы, Пінск, Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Ляхавічы, Бяроза);
  • Гомельская вобласць — 24 чалавекі (Гомель, Гомельскі раён, Жлобін, Мазыр, Лоеў, Ветка, Петрыкаў);
  • Магілёўская вобласць — 16 чалавек (Магілёў, Бабруйск, Горкі, Клічаў, Быхаў);
  • Менская вобласць — 13 чалавек (Менскі раён, Салігорск, Маладзечна, Барысаў, Дзяржынск, Клецк, Нясвіж, Узда, Смалявічы, Беразіно);
  • Гарадзенская вобласць — 12 чалавек (Гародня, Ліда, Слонім, Ашмяны, Астравец, Дзятлава, Карэлічы);
  • Віцебская вобласць — 5 чалавек (Віцебск, Віцебскі раён, Полацк, Наваполацк, Орша).

Віды і памеры пакарання па „пратэсных” крымінальных справах

Маніторынг судовых працэсаў дазваляе прыйсці да высновы пра тое, што судовая сістэма ўжывае да фігурантаў спраў самыя суровыя віды пакарання, звязаныя з абмежаваннем і пазбаўленнем волі. Сумарна за кастрычнік суды вынеслі:

  • 67 гадоў і 9 месяцаў зняволення ў дачыненні да 27 чалавек;
  • 54 гады і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу („хімія”) у дачыненні да 26 чалавек;
  • 70 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу („хатняя хімія”) у дачыненні да 40 чалавек;
  • 6 месяцаў арышту для 2 чалавек.

Па вядомых праваабаронцам прысудах па „пратэсных” крымінальных справах суды ўжывалі пакаранне, звязанае са зняволеннем, у 28.42% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ („хімія”) суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 27.37% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ („хатняя хімія”) ужывалася ў 42.11% выпадкаў асуджэння грамадзян. Арышт у якасці пакарання ўжываўся ў 2.1% выпадкаў.

Такім чынам, пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе „хіміі”, „хатняй хіміі” і арышту, суды ўжывалі ў 100% выпадкаў асуджэння фігурантаў „пратэсных” спраў.

spring96.org