У касцёле Росіцы адсвяткавалі Дзень сям’і
Дзень сям’і адсвяткавалі ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы, што ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна. А таксама адзначылі дзень святога Станіслава Папчынскага – заснавальніка манаскага ордэна марыянаў. Найбольш вядомыя марыяне Віцебшчыны – росіцкія пакутнікі Юры Кашыра і Антоній Ляшчэвіч.
Сёлета на свята сям’і ў Росіцу з’ехаліся вернікі з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі. Служэнне ў касцёле ўзначаліў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай дыяцэзіі Юры Касабуцкі. Па яго словах, Касцёл заўсёды прапаведае традыцыйную сям’ю і яе падмуркі:
– Вельмі цікава гэта справа – сустрэча сем’яў. Тут не так шмат людзей прыехала, але гэта тыя людзі, якія прыехалі сюды, каб памаліцца, пабыць разам, каб атрымаць божае благаслаўленне. Гэта сапраўды вельмі добрая рэч. Сёння мы вельмі часта кажам пра тое, што сям’я мае свой пэўны крызіс. Асаблівую ўвагу каталіцкі касцёл прывязвае да працы з сем’ямі. Гэты год таксама ў душпастарстве такая тэматыка гэтага года, сям’я, як наша будучыня, сям’я як фундамент нашага грамадства.
Падчас служэння біскуп Юры Касабуцкі блаславіў усе прысутныя сем’і. Ксёндз Аляксандр Дулінец правёў канферэнцыю на тэму сям’і. А гаспадар свята ксёндз Чэслаў Курэчка арганізаваў супольны пачастунак для наведвальнікаў у імправізаванай кавярні пад назвай “У бусла”.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя