У каталікоў пачаўся Вялікі пост
Вялікі пост пачаўся сёння ў каталікоў. Ён распачынаецца за 40 дзён да Вялікадня ў Папялец, або Папяльцовую сераду. У гэты дзень святары ў час імшы пасыпаюць попелам галовы вернікам. Ён лічыцца сімвалам пакаяння і марнасці людского быцця. Прайшлі гэты абрад і каталікі Глыбоччыны ў касцёле Святой Тройцы.
Па словах пробашча Глыбоцкай парафіі Мікалая Ціхановіча, звычай пасыпання попелам галавы ў каталіцызме даволі стары, пачатак яго сягае ў восьмае стагоддзе. Ён мае дзве формулы, якія ўжываюцца падчас абраду.
– Першая – прахам ты з’яўляешся і ў прах абернешся. Другая – кайцеся і верце ў Евангелле. Першая формула звязана з біблейскім навучаннем пра тое, што ўсе мы створаны з праху зямлі, і Гасподзь удыхнуў у нас жыццё. І мы прыгадваем, што ёсць пачатак жыцця – гэта дар божы, а таксама ёсць смерць біялагічная. Кожнага чалавека чакае гэты момант, калі цела будзе аддадзена зямлі, але душа застанецца несмяротнай.
Паводле ксяндза Мікалая Ціхановіча, вернікі павінны клапаціцца пра тое, каб матэрыяльныя рэчы і зямныя справы не засланілі Духа, каб людзі не згубілі душу.
Падчас Вялікага посту вернікі закліканы больш часу надаваць малітве, чытанню Святога Пісання, справам міласэрнасці. Прынята ўстрымлівацца і ад забаўляльных мерапрыемстваў, шкодных звычак і іншых свецкіх задавальненняў.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтаркі