У каталікоў пачынаецца Адвэнт



30 лістапада пачынаецца Адвэнт у каталікоў і некаторых пратэстантаў. Для каталіцкіх вернікаў гэта не пост у традыцыйным разуменні, а час радаснага чакання Хрыста. У гэты перыяд Касцёл не загадвае каталікам рабіць абмежаванні ў ежы, а рэкамендуе самім выбраць для сябе „пастановы” і прытрымлівацца іх, каб глыбей адчуць радасць будучага Раства.

Як кажа ксёндз Глыбоцкай парафіі Віктар Місевіч, у час Адвэнту вернікам трэба дбаць не толькі пра знешнюю падрыхтоўку да свята, але вельмі важна падрыхтавацца духоўна.

 Гэта хутчэй радаснае чаканне Хрыста, яго нараджэння. Другі характар Адвэнту – гэта ўспамін пра другі прыход Хрыста на зямлю. Мы разважаем пра ідэю вяртання Езуса ў свет, мы яго чакаем.

Адвэнт разглядаецца і як час узмоцненага пакаяння, вернікам рэкамендуецца прыступіць да сакраманту споведзі. У перыяд Адвэнту духавенства заклікае хрысціян да здзяйснення спраў міласэрнасці.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя 

Фота jaanikirik.ru