У Кацярыны Кучкаровай чыноўнікі службы апекі адабралі дачку
У Кацярыны Кучкаровай, жыхаркі вёскі Жукевічы, Капцёўскага сельскага Савета служба апекі адабрала 10-гадовую дачку Настассю. Адсутнасць вакансіяў на працу ў калгасе і неатрыманне аліментаў ад бацькі дзяўчынкі сталі прычынамі таго, што сям’ю Кацярыны сацыяльныя службы вызначылі, як сацыяльна небяспечную.
Ужо з лютага месяца 2019 года дачка знаходзіцца ў дзіцячым прытулку. Кажа Кацярына Кучкарова:
– Маю дачку забралі 12 лютага, бо мне далі час на працаўладкаванне, а я не ўладкавалася на працу. Ад маёй маці быццам былі скаргі, што я не кармлю дзіця.
З абвінавачваннямі Кацярына не згодная, бо мае цяжкія стасункі з маці і айчымам. Пакуль, маючы часовыя падпрацоўкі для падтрымання дастатку, яна, на жаль, на сталую працу ўладкавацца не здолела. Бо для працы ў Гародні, дзе ёсць вакансіі, ёй давялося б жыць у здымным жыллі, альбо ў інтэрнаце, якіх яна не можа атрымаць. Праваабарончы цэнтр „Вясна” дапамагае Кацярыне ў зваротах ва ўладныя ўстановы вобласці. Кажа праваабаронца Віктар Сазонаў:
– Будзе ўсё адно лепш з маткай, калі маці нармальная. А тут мы бачым, што маці абсалютна нармальны чалавек. Не закручаная ў нейкі алкаголь ці ў кепскія кампаніі. З гэтай сітуацыі зразумелым становіцца, што калі людзі вырашалі б гэтае пытанне, то яны сказалі б, што так, дзіцяці будзе лепш з маці. А калі вырашаюць гэтае пытанне чыноўнікі, яны думаюць пра сябе: раптам што, мы будзем вінаватыя. І яны пачынаюць вырашаць праблему з фармальнага боку гледжання.
Праз шэсць месяцаў знаходжання ў цэнтры ўтрымання дачкі, яе могуць аддаць іншым людзям. Кацярына Кучкарова звяртаецца да ўсіх людзей добрай волі, юрыдычных і прыватных асобаў дапамагчы ёй уладкавацца на працу і атрымаць жыллё. Толькі маючы гэта, яна зможа вярнуць сваю дачку Настассю, якая чакае ўз’яднання з маці.
Звязацца з Кацярынай Кучкаровай усім, хто жадае ёй дапамагчы працаўладкавацца і знайсці жыллё, можна па тэлефоне +375259689304.
На фота: Пасля таго, як дачку Кацярыны забралі ў дзіцячы прытулак, быў складзены афіцыйны „план працы”, каб да ліпеня маці працаўладкавалася. Сярод пунктаў „плану” сустрэча з праваслаўным святаром. Хоць Кацярына і яе дачка Настасся ходзяць у афіцыйна зарэгістраваную пратэстанцкую канфесію, на яе накінулі таўро „сектанткі”.
На фота: Кацярына з дачкой Настассяй да таго, як дзяўчынку забралі ад маці.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня