У Кавярдзяках змагаюцца за ўласныя агароды
Зварот у Берасцейскі абласны выканаўчы камітэт накіраваны амаль ад пяцідзесяці жыхароў вёскі Кавярдзякі. Мясцовыя ўлады хочуць іх пазбавіць уласных агародаў. Прадстаўнікі берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) салідарныя з грамадзянамі і падтрымліваюць іх законныя патрабаванні, а таксама аказваюць юрыдычную дапамогу. „Тэрыторыя, якая цяпер занятая пад агароды, будзе перапрафілявана пад прыватную забудову,” – адзначыў намеснік старшыні берасцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў:
– На гэтых агародах нешта пасаджана, нешта ўжо вырасла, людзі на гэта разлічвалі, бо пенсіянерам зараз вельмі складана выжыць. А гэтыя надзелы ў іх адбіраюць, нават не прапаноўваючы пачакаць 2-3 гады. Каб людзі змагі ўпарадкаваць новыя ўчаскі, перасадзіць кустоўе і дрэвы.
Са словаў жыхароў вёскі, тэрыторыя, на якой месцяцца агароды, была выдадзеная ім яшчэ сорак год таму. За гэты час яны паспелі добраўпарадкаваць надзелы зямлі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота brest.tinot.net