У Керчы адбыліся выбух і страляніна ў каледжы, вядома пра 19 загінулых



Падазраваны ў масавым забойстве ў каледжы ў Керчы студэнт 4 курса легальна атрымаў дазвол на зброю, сабраў усе неабходныя дакументы і абследаваўся ў псіхіятра, паведаміў прадстаўнік экстраных службаў рэгіёну.

У сераду ў каледжы ў Керчы адбыўся падрыў неўстаноўленага выбуховага прыстасавання. Паводле розных звестак, загінулі да 19 чалавек, таксама паведамлялася прыблізна аб 50 пацярпелых. Па дадзеным факце была заведзена крымінальная справа па артыкуле „тэракт”, якая пазней была перакваліфікавана на артыкул пра забойства двух і больш асоб агульнанебяспечным спосабам. Кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў заявіў, што арганізатар атакі на каледж вучыўся на чацвёртым курсе, ён скончыў жыццё самагубствам.

„Ён дасягнуў паўналецця, прайшоў усе медкамісіі і неабходныя працэдуры, у тым ліку праверку ў псіхіятра, сабраў усе неабходныя дакументы, і атрымаў дазвол на ружжо – усё было легальна і афіцыйна”, – растлумачыў суразмоўца.

Ён дадаў, што студэнт атрымаў дазвол на зброю каля месяца таму. Па словах прадстаўніка экстраных службаў, перад гэтым абследавалася яго месца жыхарства на наяўнасць неабходнага месца захоўвання зброі, парушэнняў выяўлена не было.

ria.ru

***

У будынку каледжа харчовых тэхналогій у Керчы адбыўся выбух. Па папярэдніх звестках, 18 чалавек загінулі, больш 40 паранены. Бальшыня з іх падлеткі. Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт (НАК) заявіў, што спрацавала выбуховае прыстасаванне. Крымскія СМІ спярша паведамілі, што падарвацца мог бытавы газ.

Пазней стала вядома пра маладога тэрарыста, які расстрэльваў навучэнцаў і выкладчыкаў. Як паведаміў кіраўнік акупаванага Крыма Аксёнаў, тэрарыст урэшце застрэліўся.

„У Керчы адбыўся падрыў нявызначанага выбуховага прыстасавання”, – гаворыцца ў заяве НАК. Там пацвердзілі дадзеныя пра гібель 10 чалавек і прыкладна 50 параненых.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што версія тэракту ў Керчанскім каледжы разглядаецца. „Прэзідэнту дакладзена інфармацыя па лініі розных ведамстваў”, – сказаў ён.

Раней СМІ вылучалі бытавую версію здарэння.

Супрацоўнікі ФСБ аглядаюць каледж, да іх вылятаюць калегі з Масквы, перадаваў раней Інтэрфакс са спасылкай інфармаваныя крыніцы. У Крым вылецела міністр аховы здароўя Расеі Вераніка Скварцова.

Керч – горад на ўсходзе Крыма на беразе Керчанскага праліва. У 2014 годзе Крым быў анэксаваны Расеяй.

BBC