У Хургадзе напалі на турыстаў, ёсць загінулыя (абноўлена)
Загінулымі ў выніку сёньняшняга нападу ў адным з гатэляў егіпецкай Хургады аказаліся дзве жанчыны – грамадзянкі Германіі, а не ўкраінскія турысты. Інфармацыю пра гэта публікуюць РИА Новости са спасылкай на крыніцу ў турыстычнай фірме, назва якой не прыводзіцца.
Немкі былі забітыя ў гатэлі Zahabia. Затым нападнік прабраўся ў гасцініцу Sunny Days El Palacio, дзе біў нажом грамадзянку Расеі. Яна атрымала каля 20 раненняў, але засталася жывая і знаходзіцца ў цяжкім стане ў шпіталі. Яе жыццё па-за небяспекай.
Таксама паведамляецца, што ў выніку нападу пацярпелі два грамадзяніна Арменіі і адзін Чэхіі. Забойца паспрабаваў схавацца, кінуўся да мора, але быў схоплены супрацоўнікамі гатэля. Звесткі пра яго асобу пакуль не раскрываюцца.
Па словах відавочцаў, ён мэтна атакаваў замежнікаў, пазбягаючы пры гэтым егіпцян. Раней МУС Егіпта інфармавала, што ахвярамі атакі невядомага мужчыны з нажом сталі два ўкраінскія вандроўцы. У той жа час амбасадар Украіны ў Егіпце Генадзь Лацій не пацвердзіў паведамленні, што ў выніку інцыдэнту загінулі або пацярпелі грамадзяне краіны. Дыпламат дадаў, што адна з параненых нарадзілася ва Украіне, але мае расейскае грамадзянства.
Мужчына, які напаў з халоднай зброяй на турыстаў на пляжы курортнага горада Хургада, знаходзіцца пад вартай. Грамадзян Беларусі няма сярод пацярпелых у выніку інцыдэнту ў Хургадзе.
* * *
Узброены напад здзейснены на пляжы егіпецкага курорта Хургада. Малады чалавек з нажом, па дадзеных Al Arabiya, пераплыў з аднаго пляжу на другі і кінуўся з нажом на адпачывальнікаў у гатэлі, параніўшы шасцярых і забіўшы дваіх.
Паводле інфармацыі СМІ, параненыя – турысты розных нацыянальнасцяў. Крыніца агенцтва Reuters паведамляе, што пры нападзе былі забітыя двое ўкраінцаў.
Нападніка злавілі супрацоўнікі службы бяспекі, высвятляюцца матывы нападу. Дакументаў у яго не было – ён нібыта страціў іх у моры.
Фота, на якім, мяркуючы па ўсім, затрыманы.
У выніку нападу параненая грамадзянка Расеі, яе жыццю нічога не пагражае, гаворыцца ў заяве расейскага генконсульства, якое цытуе Інтэрфакс. У яе падвойнае грамадзянства, Расеі і Украіны.