У Кіеўскай вобласці здарылася ДТЗ з удзелам беларусаў



У Кіеўскай вобласці 25 ліпеня адбылося ДТЗ з удзелам грамадзян Беларусі, іх жыццю нічога не пагражае.

Як паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык, у ДТЗ пацярпелі восем чалавек. „Пасольства Беларусі ва Украіне падтрымлівае кантакт з лячэбнымі ўстановамі, у якіх знаходзяцца восем беларускіх грамадзян, што пацярпелі ў выніку ДТЗ на трасе Кіеў — Умань — Адэса. Паводле наяўнай у дыпмісіі інфармацыі, пагрозы жыццю няма, — сказаў Мірончык. — Пасольства звяртае ўвагу на тое, што цяпер на трасе Кіеў — Умань — Адэса вядуцца рамонтныя работы. І гэта патрабуе падвышанай увагі ад вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ідуць у кірунку чарнаморскага ўзбярэжжа”.

Аддзел камунікацыі паліцыі Кіеўскай вобласці Украіны паведамляе, што ДТЗ з удзелам трох аўтамабіляў адбылося ў 7.30. Папярэдне ўстаноўлена, што кіроўца аўтамабіля Nissan з дзяржаўнымі нумарамі Беларусі выехаў на сустрэчную паласу руху, дзе сутыкнуўся з двума машынамі. Аўтамабіль Saab з дзяржнумарамі Беларусі, у салоне якога знаходзіліся беларускія грамадзяне, рухаўся ў бок Кіева. За ім ішоў Mitsubishi з украінскімі нумарамі, у якім таксама знаходзіліся грамадзяне Беларусі. У выніку аварыі пацярпелі дзевяць чалавек, у тым ліку двое дзяцей.

БелаПАН