У Кіеве забіты журналіст Павел Шарамет (абнаўляецца)
ФБР ЗША пагадзілася далучыцца да расследавання забойства журналіста Паўла Шарамета. Пра гэта піша „Украінская праўда” са словаў прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Па яго словах, ён сам папрасіў амерыканскую спецслужбу далучыцца дзеля празрыстасці расследавання. Акрамя таго, Парашэнка даручыў міністру замежных справаў Паўлу Клімкіну запрасіць да расследавання Еўрапол. Украінскі прэзідэнт паведаміў, што да расследавання падключылі найлепшых следчых. Таксама ён вырашыў даць ахову кіраўніку „Украінскай праўды” Алёне Прытуле.
***
У рамках расследавання забойства журналіста Паўла Шарамета следчыя, сярод іншых, разглядаюць версію замаху на жыццё кіраўніка „Украінскай праўды” Алены Прытулы, у машыне якой ён знаходзіўся ў час выбуху.
[youtube id=”bIv2gkUE6Jo”]
Пра гэта ў эфіры канала 112 заявіла прэс-сакратарка пракуратуры Кіева Надзея Максімец. „Следчыя разглядаюць і гэтыя версіі. Зараз напэўна заўчасна агучваць нейкія высновы”, – сказала яна.
Максімец дадала, што таксама праводзяцца следчыя дзеянні каля дома Шарамета і Прытулы, дзе машына была прыпаркаваная ўночы, піша „Украінская праўда”.
* * *
Павел Шарамет пасля выбуху яшчэ быў жывы. Пра гэта паведамляе ТСН, спасылаючыся на словы афіцыянта аднаго з размешчаных паблізу рэстаранаў.
Асцярожна, жорсткае відэа, 18+
[youtube id=”Q4XFad6bB8w”]
Паліцыя мае намер узяць запісы камер відэаназірання з месца гібелі журналіста. Пра гэта сказала кіраўніца Нацпаліцыі Хація Дэканаідзэ.
„Мы возьмем усе запісы камер, якія ёсць вакол … Асабліва мне не падабаецца гэтая сітуацыя перад хросным ходам,” – сказала яна.
Былы дарадца кіраўніка МУС Антон Герашчанка не выключые «расейскі след» у гэтым забойстве.
* * *
У аўтамабілі загінулага сёння раніцай у Кіеве журналіста Паўла Шарамета спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаванне. Пра гэта паведаміў дарадца кіраўніка МУС Украіны.
Паводле яго слоў, магутнасць выбуховай прылады складала ад 0,4 да 0,6 кг у трацілавым эквіваленце.
Прэзідэнт Пётр Парашэнка даручыў праваахоўным органам аператыўна расследаваць абставіны гібелі журналіста Паўла Шарамета.
У цэнтры Кіева ў выніку выбуху машыны загінуў вядомы журналіст Павел Шарамет. Інфармацыю пра яго гібель „Новай газеце” пацвердзілі блізкія сябры журналіста. Таксама яны распавялі, што ў апошні час Шарамет і кіраўніца „Украінскай праўды» Алена Прытула скардзіліся на сачэнне за сабой.
* * *
Прэс-сакратар МУС Арцём Шаўчэнка сказаў журналістам, што, паводле папярэдняй версіі, прычынай выбуху стала выбуховае прыстасаванне, перадае „112 Украіна”.
Дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка (фракцыя „Блок Пятра Парашэнкі») таксама напісаў у Facebook, што, па папярэдніх дадзеных, у аўтамабілі была „выбухоўка пад сядзеннем.”
Паліцыя папярэдне кваліфікуе выбух як наўмыснае забойства, са спасылкай на прэс-службу кіеўскай паліцыі перадае «112 Украіна».
У цэнтры Кіева ў выніку выбуху машыны загінуў вядомы журналіст Павел Шарамет, піша ў сераду, 20 ліпеня, «Украінская праўда».
Машына ўзарвалася на рагу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і Івана Франко.
Аўто, як піша газета, належала кіраўніцы«Украінскай праўды» Алёне Прытуле, аднак яе ў аўтамабілі не было.
Аўтамабіль выбухнуў у 7:45 раніцы па мясцовым часе пасля таго, як Шарамет выехаў з дома і праехаў некалькі дзясяткаў метраў.