У Кіеве адкрылі памятны знак забітаму чатыры гады таму Паўлу Шарамету
Памятны знак забітаму чатыры гады таму беларускаму журналісту Паўлу Шарамету ўстанавілі 20 ліпеня ў цэнтры Кіева, паведамляе ўкраінскае інфармагенцтва УНІАН.
Знак устаноўлены на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка, дзе загінуў журналіст. Ён выкананы ў форме змятага белага ліста паперы, на якім напісана імя Паўла Шарамета. Аўтарам памятнага знака выступіў украінскі жывапісец і скульптар Назар Білык.
З нагоды чацвёртай гадавіны забойства Шарамета ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што журналіст выступаў за „каштоўнасці дэмакратыі, правы і свабоды чалавека” ў Беларусі, Расеі і ва Украіне.
„Перш за ўсё — за права грамадзяніна на свабодную думку і слова, — падкрэсліў палітык. — І абавязаў уладу быць сумленнай, празрыстай і адказнай перад грамадзянамі. У яго ніколі не змаглі б адабраць свабоду, таму заказчыкі вырашылі адабраць жыццё. Яго дзёрзкае забойства — страта для ўсіх незалежных СМІ і журналістаў. А яшчэ гэта злачынства — ганьба для Украіны”.
„Справа Паўла Шарамета знаходзіцца пад пільнай увагай і кантролем усяго ўкраінскага грамадства. Яму патрэбныя выразныя адказы і пераканаўчыя, неабвержныя доказы. Абавязак дзяржавы і праваахоўных органаў — зрабіць усё, каб у судзе ўкраінцы і ўвесь цывілізаваны свет ўбачылі сапраўдных забойцаў Паўла Шарамета. А потым — сапраўдных арганізатараў і заказчыкаў гэтага злачынства. Як бы цяжка ні было знайсці праўду. Колькі б намаганняў і часу гэта ні заняло”, — адзначыў Зяленскі.
Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамашыны ў цэнтры Кіева, дзе ён працаваў выканаўчым дырэктарам „Украінскай праўды” і вядучым радыёстанцыі „Вести”.
3 ліпеня гэтага года Нацыянальная паліцыя Украіны паведаміла, што справа Шарамета гатовая да перадачы ў суд. „42 дні прайшло з моманту завяршэння дасудовага расследавання ў справаводстве па факце забойства Паўла Шарамета і адкрыцця матэрыялаў падазраваным і іх абаронцам. Пачатак разгляду гэтай рэзананснай справы цяпер залежыць выключна ад таго, калі адвакаты падазраваных скончаць знаёміцца з матэрыяламі”, — адзначалася ў паведамленні ведамства.
1 чэрвеня паліцыя заявіла, што лічыць дастатковымі доказы, сабраныя для выстаўлення падазрэння фігурантам справы.
Гаворка ідзе пра ваеннаслужачага сіл спецыяльных аперацый вакаліста гурту Riffmaster Андрэя Антоненку, вайсковага медыка, хірурга кіеўскай дзіцячай бальніцы „Ахматдзет” Юлію Кузьменку. Яны, паводле версіі следства, заклалі выбухоўку пад машыну, на якой перамяшчаўся Шарамет. Трэці падазраваны — таксама былая ваеннаслужачая Яна Дугар (вяла разведку ў раёне, дзе быў узарваны аўтамабіль).
Паводле інфармацыі Нацпаліцыі, матэрыялы крымінальнай справы налічваюць больш за 200 тамоў, з іх 38, якія тычацца трох фігурантаў, вылучаныя ў асобнае справаводства і адкрытыя для азнаямлення фігурантам і іх абаронцам.
Дасудовае расследаванне па факце забойства Шарамета доўжылася 1402 дні. Апрацавана амаль 20 тыс. гадзін відэазапісаў (ад пяці дзён да двух месяцаў фіксацыі) і амаль 44 тыс. абаненцкіх нумароў, дапытана больш за 3 тыс. асоб. Па рашэннях судоў праведзена 180 асобных следчых дзеянняў, прызначана 106 комплексных экспертыз.
20 траўня на прэс-канферэнцыі з нагоды першай гадавіны сваёй працы на пасадзе кіраўніка ўкраінскай дзяржавы Уладзімір Зяленскі заявіў, што, калі па справе аб забойстве Шарамета сядзяць невінаватыя, будуць зробленыя кадравыя высновы.
belapan.by
Фота interfax.by