У Кіеве прайшла акцыя салідарнасці з затрыманымі ў Беларусі на Дзень Волі



У Кіеве, ля пасольства Беларусі, 26 сакавіка прайшла акцыя салідарнасці з затрыманымі ў Менску на мерапрыемствах, прысвечаных Дню Волі. Арганізатарамі выступілі Беларускі цэнтр ва Украіне „Сябры” і Рух салідарнасці „Разам”.

Як паведамілі БелаПАН прадстаўнікі арганізатараў, на акцыю прыйшлі прыблізна 15 чалавек. Яны трымалі транспарант „Свабоду палітвязням”. Прысутныя запатрабавалі адпусціць затрыманых 25 сакавіка, а таксама вызваліць палітвязняў.

Падчас акцый 24 і 25 сакавіка праваахоўнікі затрымалі ў Менску больш за 15 чалавек, большасць з іх неўзабаве была адпушчана. У ІЧУ ўсё яшчэ знаходзяцца Наталля Гарачка-Басалыга, затрыманая 24 сакавіка на ўваходзе ў Кіеўскі сквер Менска, дзе праходзіў санкцыянаваны ўладамі мітынг-канцэрт, і Алена Талстая, якая вечарам 25 сакавіка прыкавала сябе ланцугом да слупа на Кастрычніцкай плошчы. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у знак пратэсту Талстая абвясціла галадоўку ў ізалятары.

24 сакавіка ў Кіеве адбылася акцыя салідарнасці з беларускім народам, прымеркаваная да 101-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. На цэнтральную плошчу горада, майдан Незалежнасці, выйшла некалькі дзясяткаў чалавек.

БелаПАН

Фота svaboda.org