У Кіеве пройдзе акцыя ўшанавання памяці Міхася Жызнеўскага



Беларускія актывісты традыцыйна ладзяць акцыі ва Украіне. Адна з іх адбудзецца ў Кіеве 26 студзеня, у дзень народзінаў Героя Украіны, Героя Нябеснай Сотні Міхася Жызнеўскага. Як кажа сябра Сойму руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, гэтая постаць “злучае нашыя братнія народы”:

Традыцыйна рух салідарнасці “Разам” арганізуе паездку на яго магілу ў Беларусі, а ў Кіеве рух салідарнасці “Разам” арганізоўвае ўшанаванне памяці Героя Украіны Жызнеўскага. Сёлета гэта будзе таксама а 18-ай гадзіне каля Міхайлаўскага сабора – там, дзе пачыналася развітанне з Міхасём у 2014 годзе. Запрашаю тых, хто будзе ў Кіеве, ушанаваць разам Героя Украіны, Героя Беларусі Міхася Жызнеўскага.

Міхась Жызнеўскі стаў адной з першых ахвяраў сутыкненняў удзельнікаў Еўрамайдану з міліцыяй падчас Рэвалюцыі годнасці ва Украіне. Раніцай 22-га студзеня 2014 года, калі “Беркут” пайшоў у наступ на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, першым загінуў украінскі грамадзянін армянскага паходжання Сяргей Нігаян, другім – 25-гадовы беларус, ураджэнец Гомеля Міхась Жызнеўскі. У Кіеве яму ўсталявалі помнік, прэзідэнт Украіны пасмяротна ўзнагародзіў беларуса ордэнам Героя Нябеснай сотні.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя