У Кіеве затрыманы Васіль Парфянкоў
У Кіеве затрыманы Васіль Парфянкоў – былы беларускі палітвязень, адзін з удзельнікаў падзеяў на Плошчы ў 2010 годзе, які са снежня 2014 года ваяваў на Усходзе Украіны на баку батальёна ОУН.
Пра гэта паведаміў камандзір батальёна ОУН Мікола Каханоўскі.
Яшчэ ў 2011 годзе Васіль Парфянкоў быў асуджаны па справе «пра масавыя беспарадкі ў Менску ў снежні 2010 года». Ён атрымаў чатыры гады калоніі суворага рэжыму, але выйшаў на волю пасля таго, як Лукашэнка падпісаў указ пра ягонае памілаванне. Наступны раз Парфянкоў быў асуджаны 5 снежня 2013 года па артыкуле 421 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь – «Невыкананне патрабаванняў превентыўнага нагляду». Пасля выхаду на волю Парфянкоў з’ехаў ва Украіну і ўступіў у батальён ОУН, у якім ваяваў з пазыўным «Сябро». У лістападзе 2015 г. Парфянкоў атрымаў украінскае грамадзянства.
21 лютага ў Кіеве адбыліся пагромы расейскіх банкаў, арганізаваныя ўкраінскімі праварадыкаламі, прытым адказнасць за пагром «Альфа-Банка» акурат і ўзяў на сабе камандзір батальёну ОУН Мікола Каханоўскі.
Улады вінавацяць Парфянкова ва ўдзеле ў тых падзеях і інкрымінуюць артыкул 296 Крымінальнага кодэкса — хуліганства.
Сам Мікола Каханіўскі лічыць затрыманне Васіля Парфянкова палітычна матываваным і патрабуе неадкладнага яго вызвалення.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: intex-press.by