У Кітаі названы эфектыўны прэпарат супраць каронавіруса
Кітай завяршыў клінічныя даследаванні супрацьвіруснага прэпарата „Фавіпіравір”, які паказаў добрую клінічную эфектыўнасць супраць новай каронавірусной пнеўманіі COVID-19, паведаміў дырэктар Дзяржаўнага цэнтра развіцця біятэхналогій пры Міністэрстве навукі і тэхнікі КНР Чжан Сіньмінь.
„Фавіпіравір”, прэпарат ад грыпу, які быў ухвалены для клінічнага ўжывання ў Японіі яшчэ ў 2014 годзе, не праявіў відавочных пабочных рэакцый у ходзе клінічных выпрабаванняў пры барацьбе з каронавірусам, распавёў Чжан Сіньмінь.
Паводле яго слоў, у клінічным выпрабаванні ў бальніцы Шэньчжэня (правінцыя Гуандун на поўдні Кітая) прынялі ўдзел больш за 80 пацыентаў, 35 з іх прымалі „Фавіпіравір”. Вынікі паказалі, што пацыенты, якія атрымлівалі лячэнне прэпаратам, ачунялі праз чатыры дні, а тыя, каму не давалі прэпарат, перамаглі вірус за 11 дзён. Акрамя таго, практычна ва ўсіх 35 пацыентаў прыкметна палепшыўся стан лёгкіх. Сярод тых, хто не прымаў „Фавіпіравір”, толькі ў 62% выпадкаў былі зафіксаваныя прыкметныя паляпшэнні ў органах дыхання.
„Фавіпіравір” рэкамендаваны медыцынскім камандам і павінен быць уключаны ў план дыягностыкі і лячэння ад COVID-19 як мага хутчэй, дадаў дырэктар цэнтра.
Фота АР