У Кобрыні да актывіста Аляксандра Меха прыехала міліцыя
У Кобрыні да мясцовага грамадскага актывіста Аляксандра Меха прыехала міліцыя.
„За мной прыехалі. Стукаюць у дзверы”, — напісаў актывіст 22 сакавіка ў 12.45 на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” і апублікаваў фатаграфію міліцэйскага аўтамабіля. Цяпер яго тэлефон адключаны.
Міліцыянты спрабавалі трапіць у дом актывіста. Жонка Наталля іх не пусціла:
– Я ім не адчыняла. Пытаюся: „Што вам патрэбна?” „Нас паслаў начальнік міліцыі, каб Аляксандр Васільевіч прыйшоў да яго на прыём”. Я кажу: „Аляксандра Васільевіча няма дома”. „Мы яго бачылі, мы яго сфатаграфавалі дзесьці на другім паверсе”. Я мужа не знайшла на другім паверсе, таму просьбу не перадала, але міліцэйская машына стаіць да гэтага часу.
Дзяжурны Кобрынскага РАУС маёр Марчук не ведае, што міліцэйская машына стаіць каля брамы Аляксандра Меха.
Беларускае Радыё Рацыя