У Кобрыні асудзілі былых старшыню і бухгалтара жыллёвага кааператыва
За крадзеж з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў прыгавораныя да пазбаўлення волі дзве раней не судзімыя жыхаркі Кобрыня.
Як паведаміла БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Кацярына Пакала, 37-гадовая жанчына працавала старшынёй, 49-гадовая — бухгалтарам жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва ў Кобрыні. З 2014-га па 2016 год старшыня і бухгалтар шляхам пералічэння з банкаўскіх рахункаў кааператыва завалодалі больш як 93 млн недэнамінаваных рублёў.
30 сакавіка 2018 года суд Бярозаўскага раёна прызнаў іх вінаватымі на падставе чч. 2 і 3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, групай асоб паводле папярэдняй змовы, у буйным памеры).
Былы старшыня кааператыва прыгавораная да чатырох гадоў пазбаўлення волі, былы бухгалтар — да пяці гадоў пазбаўлення волі. У іх канфіскаваная маёмасць, таксама яны пазбаўленыя права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў.
Да прызначанага пакарання суд прымяніў адтэрміноўку выканання на два гады. З абвінавачаных спагнаны прычынены жыллёваму кааператыву ўрон.
5 чэрвеня судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда задаволіла апеляцыйны пратэст дзяржабвінаваўцы па справе. Пратэст быў прынесены ў сувязі з тым, што судом першай інстанцыі была неабгрунтавана прымененая адтэрміноўка выканання дадатковага пакарання: пазбаўленне абвінавачаных права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на пяць гадоў.
Прысуд увайшоў у законную сілу.