У Кобрыні судзяць участковага, што зламаў нагу вяскоўцу
У Кобрыньскім судзе разглядаецца крымінальная справа супраць участковага Кобрынскага РАУС маёра Сяргея Куляшова за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Сяргей Куляшоў у вёсцы Бярозна Кобрынскага раёна, якую абслугоўвае іншы ўчастковы, паламаў нагу 59-гадоваму Анатолю Глыцуку. Толькі праз 5 месяцаў пасля здарэння ўдалося адкрыць крымінальную справу. Куляшова арыштавалі і на 3 месяцы змясцілі ў СІЗА. Дзякуючы хадайніцтву райвыканкама, калег па працы і жыхароў адной з вёсак на яго ўчастку, Куляшову зменена мера ўтрымання ў СІЗА на дамашні арышт, кажа пацярпелы Анатоль Глыцук:
— Ля дома, недаходзячы 50 метраў, мяне спыніла міліцэйская машына, выйшаў участковы Куляшоў. І мяне за рукаў. Я кажу: у чым справа? А тады ён нанёс мне ўдар нагой у правую нагу. Выйшаў пералом нагі.
Гэта не першае перавышэнне службовых паўнамоцтваў Сяргея Куляшова. Але іншыя не даходзілі да суда. У народзе ён мае мянушку “касталом”, кажа Пётр Шыманскі:
— Участковы Куляшоў таксама прыязджаў да мяне і ўдарыў маю маці. У грудзі, пляшкай бутэлькі, у час ператрусу. У трынаццатым годзе збіў Каляду Васіля Паўлавіча .
— Пачаў абражаць: быдла, скаціна, скруціў мяне: ударыў аб зямлю і ў то момант, нешта хруснула ў грудзях.
— Узламаў два рэбры, траўма галавы. Мікалаю Раманюку зламаў два пальцы.
На даволі працяглым працэсе 19 снежня ў якасці слухачоў прысутнічалі сам начальнік Кобрынскага РАУС і начальнік іх штаба.
Адвакат Куляшова прафесійна схіляе суд да таго, што Глыцук мог сам паламаць нагу, нягледзячы на 4 судова-медычныя экспертызы, якія сведчаць, што такі пералом мог быць толькі ад удару.
Па словах вяскоўцаў, Куляшоў мае высокапастаўленага абаронцу ў асобе стрыечнага брата – кіраўніка крымінальным вышукам па Берасцейскай вобласці Максіма Суботу.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле: