У Кобрыні затрыманы падазраваны ў крадзяжы скрынкі з ахвяраваннямі
У Кобрыні затрыманы 37-гадовы мясцовы жыхар, які падазраецца ў крадзяжы скрынкі з ахвяраваннямі на лячэнне дзяўчынкі.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, скрынка для ахвяраванняў з гандлёвага цэнтра „Палессе” ў Кобрыне была выкрадзеная 20 лістапада. Затым яе знайшлі ў полі прыкладна за 200 метраў ад гандлёвага цэнтра. Зламыснік забраў з яе грошы.
Кобрынскім раённым аддзелам Следчага камітэта была распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 205 КК (крадзеж). Выкрадальнік абвешчаны ў вышук.
Паводле слоў Дучэнкі, 1 снежня на адной з вуліц Кобрына мясцовая жыхарка апазнала гэтага мужчыну па размешчаных у СМІ арыенціроўках і запісу камеры відэаназірання. Яна патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, куды ён накіроўваецца.
Мужчына затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. У верасні ён вярнуўся з Расеі з заробкаў.