У краме Князь Вітаўт сканфіскавалі бел-чырвона-белыя сцягі і белыя бранзалеты
Абвестка з такой інфармацыяй з’явілася на дзвярах гандлёвага аб’екту з нацыянальнай сімволікай яшчэ ў чацвер вечарам.
Нехта зрабіў фота і інфармацыя распаўсюдзілася па сацыяльных сетках, набраўшы тысячы праглядаў. Пра тое што адбылося, кажа дырэктар крамы Алег Чапараў:
– Учора каля 15-й гадзіны да нас прыйшлі трое супрацоўнікаў АБЭПу і прадставілі нам пастанову, у якой было напісана, што ім патрэбна правесці агляд і выманне прадукцыі, той, якой ім трэба, у сувязі з адміністрацыйнай справай, якая заведзена на кагосьці, хто вёз гэтыя тавары, ці падобныя тавары, нашы, ці не нашы – нам не патлумачылі, але ён кудысьці іх перамяшчаў і рабіў гэта быццам бы з нейкімі парушэннямі. Думаем, што гэта звязана з выбарамі, гэта без усялякіх сумневаў.
Забралі каля 70 сцягоў, 200 бранзалетаў і 10 кепак. Акрамя таго, ціснуць на краму «Князь Вітаўт» спрабавалі праз Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРТ). Сітуацыя тычылася прадукцыі з выявай міліцэйскага аўтазака і надпісам «Welcome to Belarus». У сацыяльных сетках ужо пайшла пагалоска, каб падтрымаць краму рублём, набыўшы сувенір.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя