У Крэве працуе археалагічны летнік. Запрашаюцца валанцёры



На раскопкі ў Крэўскі замак запрашаюць валанцёраў. Ад 17 да 30 ліпеня ў Крэве працуе летнік па гістарычна-пашуковай працы на тэрыторыі замка, які арганізуе мясцовы дабрачынны фонд “Крэўскі замак”.

Кажа сябра фонда, адна з арганізатараў летніка Вольга Сямашка:

– Мы ставім перад сабой супермэту, калі-небудзь зрабіць з Крэва кшталту запаведніка, тэрыторыю, якая будзе адкрытая для наведвання і даследвання гістарычнай прасторы. Справа ў тым, што раней Крэва датавалася прыблізна 14 стагоддзем, нашы раскопы дазволілі датаваць яго 10 стагоддзем. Раскопы зараз згрупаваныя вакол гарадзішча і селішча. Вельмі шмат знаходак зараз ідзе.

 

Праўда, удзельнікі летніка не спяшаюцца расказваць, што атрымалася знайсці за першыя дні працы. Як кажа Вольга Сямашка, усе знаходкі ў выніку трапяць у музей, найлепш той, які знаходзіцца максімальна блізка да самаго Крэва. Акрамя раскопак, для ўдзельнікаў летніка прапануецца шэраг цікавых мерапрыемстваў.

– Прыедзе Андрэй Хадановіч, Зміцер Бартосік. Будзе шмат цікавых гуртоў. Таксама для нас завітаюць студэнцка-этнаграфічнае таварыства, яго прадстаўнікі раскажуць пра свае напрацоўкі – як яны ходзяць у экспедыцыі, што яны ўмеюць, пакажуць, як можна за пяць хвілін аздобіць сумны валанцёрскі быт. Будзе дэкаратыўная набойка, будзе валянне з лямцу розных сядушак для археолагаў. Будзе шэраг лекцый.

Каб далучыцца да летніка ў Крэве, трэба зайсці на старонку фонду “Крэўскі замак” і запоўніць анекту. Далучыцца можна ў любы час і на любую працягласць прац.

[Not a valid template]

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Волі Сямашкі