У Крупках справы 22 прадпрымальнікаў будуць высвятляць (абноўлена)
Як мы інфармавалі, у Крупках Менскай вобласці 22 прадпрымальнікі мелі стаць перад судом. Была прызначана і дата – 11-га траўня. Дробных бізнесоўцаў абвінавачваюць у парушэнні рэжыму працы пасля таго, як у час праверкі на рынку яны зачынілі свае павільёны. Як паведаміў нашаму радыё старшыня прадпрымальнікай арганізацыі “Перспектыва” Анатоль Шумчанка, сёння сітуацыя змянілася. Судовыя выканаўцы сказалі, што справы ІП будуць надалей вывучацца, а пра сам суд пакуль нічога невядома.
* * *
22 прадпрымальнікі будуць судзіць у адзін дзень у горадзе Крупкі, што ў Менскай вобласці. Як паведаміў старшыня аб’яднання прадпрымальнікаў “Перспектыва” Анатоль Шумчанка, прычынай для праверак стала нібыта скарга жыхароў горада на прадпрымальнікаў, таму што ў апошніх адсутнічалі накладныя і сертыфікаты. Мясцовыя ўлады накіравалі кантрольныя органы на рынак. Тыя праверылі чатыры чалавекі. У аднаго знайшлі парушэнне. У гэты момант некаторыя ІП зачыніліся па паважлівых прычынах, аднак кантралёры палічылі іначай, – кажа Шумчанка:
– Людзі, зразумела, спужаліся і закрыліся. Мясцовая ўлада склала пратаколы, сфатаграфавалі тыя месцы гандлю, якія закрыліся. Падалі ў суды за парушэнні рэжыму працы. Ну закрыўся чалавек – што тут такога. Ну так, па закону яны павінны пра гэтага павядамляць. Але калі ў чалавека былі нейкія прычыны. Ну вось у людзей былі прычыны, і што, за гэта іх трэба судзіць. Калі чыноўнік адсутнічае на працы – дык у суд на яго падаваць. У нас суды, канешне, знойдуць правіны.
“Пакупнікі амаль ніколі не патрабуюць у прадаўцоў сертыфікатаў, іх цікавіць толькі цана тавару, таму прычына для праверкі была надуманай. Такім чынам улады прадэманстравалі сваю сілу”, – лічыць Анатоль Шумчанка. Суд над прадпрымальнікамі адбудзецца ў Крупках 11-га траўня.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя