У Крычаве замоўчвалі аварыю на цэментным заводзе



У горадаўтвараючым холдынгу “Крычаўцэментнашыфер” кіраўнікі толькі нядаўна вымушаныя былі прызнаць, што ў ноч аж з 15 на 16 сакавіка з вышыні 60 метраў абрынулася гарачая (+ 700 градусаў) цэментная маса. Ёсць пацярпелыя, вінаватыя не знойдзеныя.

IMG_1053

У “вертыкальнай” газеце “Крычаўскае жыццё” з падачы дырэкцыі завода і маўклівай згоды выканкама было спачатку надрукаванае абвяржэнне самога факта (!)  аварыі. Нядаўна пад ціскам грамадскасці ўсё ж такі запрацавала дзяржкамісія.

Беларускае Радыё Рацыя правяло сваё расследаванне крымінальнай сітуацыі, што, як аказалася, тычыцца лёсу ды існавання сотняў жыхароў старажытнага Крычава і наваколля.

* * *

IMG_1046

Пра тое, ЯК усё адбылося, мне расказаў Юры – прозвішча не называю, ён яшчэ працуе на “цэментным”. Яго змена была і ў тую злашчасную ноч. Ён прывёў “партызанскімі сцяжынамі” пад сцены завода – паблізу, дзе ўсё адбылося.

ЮРЫ: Рабочыя ўначы спынілі печ, што круцілася, падаграваючы масу і рабілі ачыстку “цыклона”. Раптам з трох ёмістасцей верхніх узроўняў з вышыні 60 метраў гарачая лава ірванула ўніз. Аплавіліся пластыкавыя дзверы. Слой быў парадку 25-30 см на зямлі. Як мінімум тры працоўных атрымалі сур’ёзныя апёкі рознай ступені цяжкасці. Наступным жа днём кіраўніцтва выдала пад пагрозай звальнення загад “ нідзе ні пра што не балбатаць” і “не вадзіць на месца аварыі лішніх”. Дарэчы, пад намі зараз торф, на якім пабудаваны параўнальна нядаўна новы завод. Пэўна, што для будаўніцтва можна было б выбраць “сушэйшае” месца ды больш эканамічна мэтазгоднае, бліжэйшае да дарогі. А так пляцоўку давялося асушаць, зрабіўшы шкоду экалогіі. Хтосьці з вышэйшых яўна добра “адмыў капейчыну”, загнаўшы ў багну вытворчыя карпусы…

***

Гэтаму суразмоўцу хаваць твар няма патрэбы. Ён зрабіў адразу па гарачых слядах уласнае журналісцкае даследаванне. Прычым, з адмысловым веданнем справы – 10 год, аж да пачатку веку, працаваў намеснікам старшыні Крычаўскага райвыканкама. Кажа, што “з вертыкаллю не заладзілася”. Ну яшчэ б!

IMG_1034

ГЕРДЗІЙ: Нахабна даўно парушаюць закон! Нягледзячы на пярэчанні зменных, галоўны інжынер Дзмітрый Шыкаў, што ўступіў на пасаду нават не здаўшы нарматываў па тэхніцы бяспецы, камандаваў – ганіце хутчэй, хутчэй! Ён баяўся спазніцца ў вандроўку ў Польшчу, куды ўжо быў узяты квіток. Пасля трагедыі не выклікалі “хуткую дапамогу” – на такой небяспечнай вытворчасці медперсаналу проста… не было. Ахвяры вымушаныя былі тэлефанаваць бацькам і родным, каб прыехалі ды забралі іх дахаты. І сёння дзяжурыць адзін пажарны – якой ён дасць рады, калі не дай што божа?! Наступнымі днямі навучаныя “мысліць дзёрзка” кіраўнікі ўгаворвалі пацярпелых, каб тыя напісалі ў тлумачальных, што атрымалі “бытавыя траўмы”. Маладога майстра прасілі ўзяць на сябе ўсю адказнасць – быццам, ён “усім” закамандаваў. Маўляў, спачатку цябе звольнім, а потым ізноў “возьмем”.

***

У вёсцы Міхеявічы, што ў некалькіх км ад Крычава, роўна год, як няма ПІТНОЙ ВАДЫ.

Mih

Яна знікла адразу, як побач жа вырылі катлаваны новых цэхаў  “Крычаўцэментнашыфера”. Пачуўшы пра прыезд “сталічнага карэспандэнта”, мяне сустракае невялікі натоўп з тутэйшых – Валянціна Сёміна ды экс-старшыня сельсавета Мікалай Жавар, Любоў Рагуева ды Алеся Емяльянава. Кажуць – ведалі б, што прыедзеш, усе 100 % прыйшлі!

IMG_1050

СПАДАРСТВА: Калі цэмзавод яшчэ планавалі, ведалі што будзе і абяцалі правесці нам цэнтральнае водазабеспячэнне. Асабіста Сысоеў, старшыня райвыканкама прылюдна абяцаў. І што? Пітную ваду прывязуць па вядру-два на асобу. І развядзем рукамі – што з ёй рабіць? Альбо есці варыць, альбо посуд памыць, альбо гарбату прыгатаваць?!.. А лазню на чым зладзіць, а бялізну памыць? У двух калодзежах, што засталіся, вада брудная! З першых двух вёдзер штосьці можна пракіпяціць, трэцяе выліваеш вон.

IMG_1049

IMG_1052

***

Мы ля кар’ера Каменка плошчай пад 150 га, дзе сыравіны, кажуць, яшчэ на дзесяцігоддзі.

IMG_1039

IMG_1029

IMG_1031

IMG_1032

Ён ля старога завода, ад якога давялося адмовіцца. Расея дэмпінгуе цэны на тону цэмента са зніжкай да 40 даляраў. Такім чынам, транспартны шлях да яго кар’ераў падоўжыўся, што паўплывала б на сабекошт цэменту.

IMG_1040

IMG_1041

IMG_1042

Папярэдне сюды, у новае абсталяванне, што так і не запрацуе, убухалі пад 2 млн даляраў . Пра аніякі там маркетынг, увогуле, і не казалася – лічылася, што ўсходнія суседзі, як і ў савецкія часы, гарантавана будуць купляць 3,6 млн тон у год. Зараз будуць усё засыпаць ды затапліваць.

IMG_1035

IMG_1036

Вертыкальныя сцены з пародай рэзка абрынаюцца ўглыб на 25-30 метраў. Нібы для смеху перад ім заляпаныя “сыравінай” забаронныя знакі.

zzz

З Мікалаем Мікалаевічам вяртаемся да аварыі і яе прычынаў.

РР: Усё ж такі па-чалавечы і па-журналісцку не магу зразумець – якімі ж ідыётамі трэба быць кіраўнікам “цэментнашыфера”, каб у 21 стагоддзі, пасля Чарнобыля, паспрабаваць замаўчаць аварыю, ад якой былі ахвяры, якую бачылі дзясяткі працаўнікоў і ад якой праз некалькі гадзін гудзеў увесь Крычаў?!  

ГЕРДЗІЙ: Гэта яскравейшы прыклад, як безнадзейна зжыла сабе камандна-адміністрацыйная сістэма. Калі няма канкурэнтнага спаборніцтва, розніцы ды палітры меркаванняў. Кіраўнікі, што прыйшлі да ўлады шляхам “лукашэнкаўскага” адбору, спрабуюць яшчэ па савецкай завядзёнцы ўсё схаваць за, як ім здаецца, прыгожым фасадам з банерамі. Калі дзеля праславутай “паказухі” ў нішто ператвараюцца чалавечыя жыцці і здароўе.  Каб захаваць свае пасады і заробкі. Кісялёў, што зараз прыйшоў гендырэктарам холдынгу “Крычаўцэменташыфер”, паводле інфармацыі з Касцюковіч, дзе ён раней працаваў таксама на цэментным заводзе, яго заробак названы ў 110 млн у месяц! На тле таго, што простыя рабацягі 3,5-4 млн лічаць за шчасце. А ў іншых месцах Крычава і па 2-2,5 млн. Як ім пасля ўсяго жыць і працаваць? Такіх кіраўнікоў трэба адназначна гнаць!

IMG_1044

Між іншым, за апошнія паўтара года на прадпрыемстве скарацілі больш за тысячу працоўных. 450 з іх – сёлета. Дагэтуль у Крычаве зачыніліся піўны да маслазаводы, мэблевая ды гумавая фабрыкі. Гэта адчувальны ўдар для 26-тысячнага горада.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Крычаў

Фота аўтара