У Крыме разгортваецца экалагічная катастрофа



Маштабы экалагічнай катастрофы ў Крыме пакуль не вызначаныя, як і магчымая шкода для здароўя людзей.

– Яшчэ 23 жніўня жыхары горада Армянск, што на поўначы Крыма, пачалі масава скардзіцца на боль у горле, а таксама высыпку на скуры і ваніты ў дзяцей. На металёвых паверхнях з’явілася дзіўная іржа, лісты з дрэваў асыпаліся. 

Улады адрэагавалі толькі 4 верасня: Сяргей Аксёнаў, старшыня анэксаванага Крыма, пацвердзіў, што ў паветры зафіксаваная падвышаная канцэнтрацыя сярністага ангідрыду – атрутнага рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры вытворчасці сернай кіслаты. Рэчыва захоўваецца на заводзе “Крымскі тытан”, які знаходзіцца блізка Армянска.

З Армянска масава эвакуююць дзяцей, праца завода часова прыпыненая. Тым часам крымскія ўлады запэўніваюць, што шкодныя выкіды не будуць мець наступстваў для жыцця і здароўя.

Відавочцы сцвярджаюць, што сітуацыя ў Армянску вельмі нагадвае першыя дні Чарнобыльскай катастрофы, калі ўлады таксама ўсяляк супакойвала людзей.

Беларускае Радыё Рацыя