У крымінальным працэсе па справе Паліенкі застаўся толькі адзін эпізод
У крымінальным працэсе па справе анархіста Дзмітрыя Паліенкі застаўся толькі адзін эпізод. Гэта высветлілася падчас пасяджэння, якое пачалося 17 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе. Справу разглядае суддзя Пётр Арлоў.
Паліенку абвінавачвалі па чатырох артыкулах (пяці эпізодах) Крымінальнага кодэкса РБ. Аднак падчас выстаўлення абвінавачання пракурор пакінуў толькі парушэнне часткі 3 артыкула 339 КК (асабліва злоснае хуліганства).
«Пракурор адмовіўся ад усіх артыкулаў, акрамя часткі 3 артыкула 339, што было асноўным абвінавачаннем па цяжару. Але паколькі ад астатніх абвінавачанняў адмовіліся, то і адпала неабходнасць у правядзенні закрытага судовага пасяджэння. Таму што асноўнай прычынай праводзіць закрыты працэс было тое, што Паліенку інкрымінавалі абразу службовай асобы», – сказаў у каментары БелаПАН юрыст закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
Першапачаткова судовае пасяджэнне абвясцілі закрытым. У знак пратэсту супраць гэтага Паліенка спрабаваў пашкодзіць вены. Частка яго прыхільнікаў спрабавала прабіцца ў залу пасяджэння, іх адціснула міліцыя. Неўзабаве пасля гэтага пасяджэнне пачалося ў адкрытым рэжыме. Суд заслухоўваў паказанні пацярпелага. У разглядзе справы абвешчаны перапынак да 14.00.
Паліенку праследуюць улады ўжо больш за тры гады. Першы раз ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у велапрабегу «Крытычная маса» ў красавіку 2016 года ў Менску. Яго абвінавацілі ў «гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў» – ён парваў куртку міліцыянеру.
Актывіст, які вызваліўся ў кастрычніку 2018 года, быў зноў арыштаваны 20 сакавіка 2019 года па падазрэнні ў «злосным хуліганстве» пасля інцыдэнту, падчас якога ён нібыта пырснуў з балончыка са слёзатачывым газам у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу. Сам Паліенка сцвярджаў, што дзейнічаў у мэтах самаабароны.
5 красавіка Паліенку было выстаўленае абвінавачанне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), апаганьванне збудавання і псаванне маёмасці (арт. 341), распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130).
Пазней актывісту было выстаўлена яшчэ адно абвінавачанне па арт. 341 КК (за графіці ў Курапатах), а таксама абвінавачанне па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) – за абразу былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
Выстаўленае ў красавіку абвінавачанне па арт. 341 КК тычылася нанясення графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай у Заводскім раёне Менска. Крымінальную справу СК распачаў 23 студзеня. Акрамя Паліенкі яе фігурантамі з’яўляюцца маладзёжныя актывісты Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева.
Увесь час пасля затрымання Паліенка знаходзіцца пад вартай. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у пачатку верасня актывіст быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе трымаў тыднёвую галадоўку.
23 верасня стала вядома, што суд над Паліенкам пройдзе ў закрытым рэжыме. У той жа дзень сем праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі са зваротам, у якім запатрабавалі ад уладаў адкрытага судовага разбору па справе анархіста. Праваабаронцы адзначылі, што некаторыя з выстаўленых Паліенку абвінавачанняў «зʼяўляюцца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання думкі» і ствараюць небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку прадстаўнікоў улады.