У Крыме рэжым надзвычайнай сітуацыі
У Крыме ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі ў сувязі з адключэннем электраэнергіі на ўсім паўвостраве ў ноч на нядзелю.
Мясцовыя ўлады паведамляюць, што ў Севастопалі, Ялце і Саках падача электраэнергіі часткова адноўлена, аднак многія аб’екты працуюць у аварыйным рэжыме.
„Ліміт падачы электраэнергіі на дадзены момант складае 65 МВт. Сістэмы жыццезабеспячэння і сацыяльна-значныя аб’екты падлучаныя да рэзервовых крыніц”, – заявілі ва ўпраўленні МНС па Севастопалі.
У Севастопалі ўводзіцца графік пагадзіннага веернага падлучэння жылога фонду ў кожным з чатырох раёнаў горада, адзначылі ў ведамстве.
Як паведамляюць улады Крыма, аэрапорт Сімферопаля, Керчынская паромная пераправа і вакзалы вярнуліся да працы ў штатным рэжыме.
Раней паведамлялася, што ў суботу на поўдні Украіны былі пашкоджаныя электралініі, якія пастаўляюць энергію ў Крым. У нядзелю раніцай у СМІ і сацсетках з’явілася інфармацыя пра тое, што невядомыя ў Херсонскай вобласці паўторна падарвалі апоры ліній электраперадач, па якіх ішло энергазабеспячэнне Крыма.
Электрычнасць з Украіны
„Дыспетчар на лініі Чаплынка паведаміў, што лініі патухлі. У іх няма інфармацыі, з якой прычыны, але фіксуецца, што сілкаванне прапала. Будзем разбірацца”, – паведаміў у ноч на нядзелю прадстаўнік Херсонаблэнерга.
Віцэ-прэм’ер урада анэксаванага паўвострава Міхаіл Шарамет паведаміў журналістам, што рэгіён можа забяспечыць сябе электраэнергіяй з уласных крыніц максімум на 50% патрэбы.
Крым быў анэксаваны Расеяй у сакавіку мінулага года, аднак яго электразабеспячэнне пакуль працягвае ажыццяўляцца з Харкаўскай вобласці Украіны.
Пры гэтым Кіеў, як і міжнародная супольнасць, не прызнае анэксію і працягвае лічыць паўвостраў сваёй тэрыторыяй.