У Курапатах адбыліся сутычкі супрацоўнікаў рэстарана з актывістамі



Актывістаў, якія пратэставалі супраць адкрыцця забаўляльнага цэнтра з рэстаранам „Паедзем паядзім” каля ўрочышча Курапаты, папярэдзілі пра адказнасць за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Як паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, 7 чэрвеня прыкладна апоўдні пратэстоўцы развесілі на варотах і плоце комплексу плакаты з інфармацыяй пра Курапаты і пахаваных тут ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Праз паўтары гадзіны да іх падышоў намеснік кіраўніка УУС Менскага аблвыканкама, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі палкоўнік Віталь Казлоў. Ён папярэдзіў актывістаў, што калі яны працягнуць пратэставаць, то ў дачыненні да іх будуць складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.

Незадоўга да гэтага каля брамы комплексу адбыўся невялікі канфлікт.

Жанчына, якая не назвалася, як мяркуюць актывісты і журналісты — адміністратарка установы, расштурхала пратэстоўцаў, прарвалася да брамы і сарвала адзін плакат, пасля чаго з`ехала.

Актывісты маюць намер стаяць ля ўезду на тэрыторыю комплексу да 18.00. „Ніякага наплыву наведвальнікаў практычна няма. Машыны, якія прыязджаюць, у асноўным, прывозяць прадукты”, — распавёў Севярынец.

Пратэсты супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу каля Курапатаў доўжацца з 31 мая. 3 чэрвеня тут адбыўся дазволены ўладамі мітынг, арганізаваны Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ, галоўнай тэмай якога стала пагроза для гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая зыходзіць ад забаўляльнай установы.

6 чэрвеня ў дачыненні да абаронцаў Курапатаў супрацоўнікі ДАІ склалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху — знаходжанні пешаходаў на праезнай частцы (п. 17.1 ПДР).

Рэстаран „Паедзем паядзім” тым часам ужо працуе.

belapan.by

Фота svaboda.org