У Курапатах АМАП затрымаў чатырох маладафронтаўцаў



На варце каля рэстарану „Поедем поедим” побач з мемарыялам ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах АМАП затрымаў чатырох маладафронтаўцаў на чале з кіраўніком гэтай арганізацыі Дзянісам Урбановічам.

Па словах сустаршыні Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, маладафронтаўцы каля 16-й гадзіны па-беларускім часе прыйшлі да варот рэстарану з вялікім бервяном, якім  перакрылі ўезд у гэтую забаўляльную ўстанову і з плакатам, на якім былі намаляваны чэрап, косткі і кухарская шапка.

– Прыблізна праз гадзіну прыехалі ДАІшнікі, міліцыянты, там было спынена ўжо каля дзесяці машынаў, і з’явіўся бусік з АМАПам, чатырох маладафронтаўцаў затрымалі – гэта Дзяніс Урбановіч, Віталь Трыгубаў, Іларыён Трусаў і яшчэ адзін чалавек, прозвішча яго мы пакуль не ведаем. Іх забралі, упіхнулі ў бусік і вывезлі.

Па меркаванні Паўла Севярынца, затрыманыя могуць знаходзіцца ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі Менскага раёну. Раней затрыманых адвозілі менавіта туды. Таму ў міліцыю Бараўлянаў накіраваліся некалькі актывістаў, каб высветліць лёс маладафронтаўцаў. 

Беларускае Радыё Рацыя, Менск