У Курапатах невядомыя вандалы чарговы раз разбілі „лаву Клінтана”
Ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам невядомыя вандалы зноў разбілі „лаву Клінтана”.
Увечары 1 лютага ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук” з’явілася фатаграфія з разбітай на некалькі частак лавы.
Як паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, акт вандалізму адбыўся паміж 19 і 20 гадзінамі 1 лютага.
Севярынец нагадаў, што пасля таго як лаву разбілі першы раз, гранітную пліту з памятным надпісам устанавілі на бетонны пастамент для меншай уразлівасці. „Цяпер зноў разбілі граніт на чатыры часткі”, — сказаў Севярынец.
Памятны знак, устаноўлены ў студзені 1994 года „ад народа ЗША народу Беларусі ў імя памяці” падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта Злучаных Штатаў Біла Клінтана, неаднаразова зведваў атаку вандалаў.
Улетку 2001 года лава была разбіта вандаламі, пасля чаго яна была адрэстаўраваная і зноў устаноўленая 15 студзеня 2002 года паслом ЗША ў Беларусі Майклам Козакам. Скульптар Алесь Шатэрнік, які ажыццявіў рэстаўрацыю знака, устанавіў на месцы расколу гарызантальнай гранітнай пліты металічны вянок, што сімвалізуе пакаянне беларусаў, якія не змаглі зберагчы помнік ад апаганьвання.
У лістападзе 2005 года лава была перавернутая і ўтаптаная ў зямлю. У лістападзе 2012 года яе размалявалі фарбай і надпісам „АКМ” („Авангард красной молодежи” — бальшавіцкая арганізацыя ў краінах былога СССР і замежжа).
belapan.by