У Курапатах невядомыя зноў учынілі пагром



У Курапатах — мемарыяле ахвярам сталінскіх рэпрэсій невядомыя зноўку ўчынілі пагром.

Гэта адбылося ўвечары 1 чэрвеня. Па словах сустаршыні Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, з нагоды першай гадавіны пачатку варты каля рэстарана „Поедем поедим”, там з 18 да 19 гадзінаў адбыўся пашыраны сход удзельнікаў абароны.

Калі ён скончыўся, некалькі дзясяткаў чалавек рушылі ў Курапаты, на так званую „Галгофу”, дзе ўсталяваны дзяржаўны мемарыяльны знак, а таксама мемарыяльныя камяні і крыжы ад грамадскасці. Людзі ўбачылі, што раней пастаўлены каля гэтых знакаў знічкі, свечкі, кветкі раскіданы, растаптаны, разбіты:

– Калі людзі ішлі на Курапацкую варту а 18-й гадзіне, то ўсё было ў парадку. Пакуль ішла варта, пакуль людзі збіраліся там, хтосьці разграміў знічы, разбіў усе памятныя знакі, у тым ліку на дзяржаўным знаку каля крыжоў. Быццам нячыстая сіла тут віравала. Выклікалі міліцыю, прыедуць следчыя і будуць разбірацца, што гэта за вандалізм. 

Павел Севярынец нагадаў, што раней гэтае месца было пад відэаназіраннем. Але не так даўно стала вядома, што лясгас яго зняў.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск