У Курапатах пачаліся падрыхтоўчыя работы на месцы ўстаноўкі памятнага знака



Ва ўрочышчы Курапаты 15 кастрычніка пачаліся падрыхтоўчыя работы для ўстаноўкі памятнага знака, праект якога перамог у конкурсе Міністэрства культуры, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Паводле яго слоў, на цэнтральным узгорку, дзе будзе ўсталяваны знак, разаслалі цэлафан і пракапалі траншэю. У работах удзельнічае бульдозер. Плануецца, што 16 кастрычніка там будзе выкапаная яма глыбінёй два метры. Ля месца правядзення работ пачалі збірацца людзі.

Фота Арсенія Дзядка

У канцы жніўня журы вызначыла пераможца конкурсу эскізных праектаў памятнага знака, які мяркуецца ўсталяваць на месцы масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты. Пераможцам назвалі праект скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай. Эскізны праект уяўляе сабой канструкцыю на чатырох нагах ржавага адцення, якія звужаюцца ўнізе. Уверсе яны злучаныя папярочнымі перакладзінамі, якія ўтвараюць крыжы.

Скульптар Нячай раней паведаміла БелаПАН, што конкурс на вызначэнне найлепшага праекта па стварэнні памятнага знака праводзіўся ў тры этапы. Паводле яе слоў, памятны знак плануецца ўстанавіць на так званай Галгофе — цэнтральным узгорку ў Курапатах.

„Мы свой праект наогул выносілі за ўрочышча, таму што прынцыповая пазіцыя нашага аўтарскага калектыву ў складзе чатырох чалавек у тым, што мы максімальна не жадаем урывацца ва ўрочышча — там ужо сфармаваны народам мемарыял, — падкрэсліла скульптар. — Але паколькі там, на лобным месцы, усталяваны камень, дзе напісана, што тут павінен быць мемарыял, Мінкультуры прыняло рашэнне зацвердзіць месцам устаноўкі менавіта гэта лобнае месца. Мы ўпісваемся ў гэтае лобнае месца, але не збіраемся выносіць адтуль ніякіх крыжоў. Мы стаім на той пазіцыі, што ўсё павінна захавацца так, як яно ёсць; акуратна ўпісаць туды наш праект, бо каштоўны сам па сабе мемарыял, а не наш знак. Нашым знакам мы проста яго дапоўнім”, — падагульніла скульптар.

У лютым—сакавіку мінулага года грамадскае аб’яднанне „Малады фронт” (не зарэгістраванае ў Беларусі) арганізавала кампанію ў абарону Курапатаў ад будаўніцтва бізнес-цэнтра каля ўрочышча. У выніку забудоўшчык адмовіўся ад сваіх планаў.

Неўзабаве пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка даручыў Мінкультуры правесці конкурс на найлепшы праект па мемарыялізацыі Курапатаў. „Я даручыў стварыць акуратны, не гіганцкі (не Брэсцкую крэпасць) мемарыял. Зараз ідзе конкурс. Мы зробім гэты мемарыял, магчыма, нешта накшталт невялікай капліцы”, — паведаміў Лукашэнка 24 сакавіка 2017 года.

Грамадскую камісію ўзначаліў вядомы журналіст Павел Якубовіч, які на той момант узначальваў газету „Советская Белоруссия”. У лютым гэтага года, пасля звальнення з пасады галоўнага рэдактара, Якубовіч заявіў, што плануе працягваць грамадскую дзейнасць, у тым ліку па ўшанаванні памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Курапатах.

11 чэрвеня ў Менску прайшоў круглы стол, падчас якога рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна паведаміў, што журы конкурсу адабрала тры з 32 эскізных праектаў.

Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда заявіў, што ФПБ мае намер выступіць замоўцам будаўніцтва мемарыялу ў Курапатах.  БелаПАН