У Курапатах прайшла чарговая талака
У мемарыяле ахвярам сталінскіх рэпрэсій Курапаты прайшла талака. Актывісты грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў, Кансерватыўна Хрысціянскай партыі БНФ, Маладога Фронту, жыхары бліжэйшых дамоў, усяго каля 30 чалавек, прыбіралі тэрыторыю, садзілі кветкі.
Па словах сакратара управы Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ і кіраўніка грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу Курапаты Алеся Чахольскага, наперадзе яшчэ шмат працы:
— Тут адбываецца талака, сабралася вельмі шмат людзей, прыйшлі мясцовыя жыхары з суседніх дамоў, якія разам адстойвалі той кавалак зямлі ад пабудовы бізнес-цэнтра. Яны дарэчы актыўны удзел прымаюць цяпер у талаках, далучаюцца. Хтосьці садзіць кветкі, хтосьці галлё прыбірае. Таму, як кажуць, працэс ідзе, народны мемарыял створаны, разбудоўваецца, людзі працуюць і робяць нашу агульную беларускую справу. Будуць усталёўвацца новыя крыжы, ідзе збор ахвяраванняў, будзе мяняцца крыжовы перыметр. На палову грошы ўжо фактычна сабраныя, зараз будзе запускацца вытворчасць. Таму, усё рухаецца наперад.
— Мяне завуць Вольга.
РР: Вы тут дзясяткі гадоў каля гэтага месца жылі?
— Мы тут вельмі даўно жывём, з таго часу калі тут яшчэ толькі-толькі адкрыліся пахаванні. Мне вельмі шкада, што так мала людзей увогуле цікавяцца гэтым месцам, бо, як толькі забудзецца зусім, вы ж бачыце, што цяпер робіцца ў краіне: гэтыя беспадстаўныя рэпрэсіі. Гэта ўсё ж палохае і прыгадвае трыццаць сёмы год, як бы жахліва гэта не гучала. Мне за сябе можа і не страшна, але я турбуюся за сваіх дзяцей, за сваіх сябровак, якім жыць у гэтым жаху, не маючы права выказаць свайго меркавання. Гэта таксама няправільна. Шчыра кажучы, для таго, каб адкрыта выйсці на Плошчу трэба таксама мець мужнасць, але дапамагаць руху можна і такім чынам, прыходзячы сюды, напрыклад, ці аказваць дапамогу зняволеным, што цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Хаця б так.
Актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы:
— Мы пазначылі створ варотаў, які быў у плоце, што агароджваў расстрэльны палігон. Гэта мы ўмоўна пазначылі, бо хоць і ведаем прыкладнае месца, дакладна можна сказаць толькі пасля правядзення археалагічных даследаванняў. Але мы паставілі прыкладныя месцы для таго, каб і экскурсаводы і экскурсанты маглі як бы вызначыцца, дзе былі тыя вароты. Апроч таго мы пазначылі кветнікамі два пахаванні. Адно — гэта тое, у якім знаходзяцца трое ахвяр, чые імёны і прозвішчы ідэнтыфікаваныя. Гэта людзі, забітыя летам – ранняй восенню 1940 года, былыя вязні Гарадзенскага астрогу. У заходняй частцы Курапатаў мы пазначылі месца, дзе было знойдзена не меней за 373 ахвяры і на сённяшні дзень гэта лічыцца найбольшым пахаваннем у Курапатах. Там пахаваныя жыхары Усходняй Беларусі, сярод іх 19 жанчын. І адзінае месца, дзе знойдзены сляды спалення асабістых рэчаў забітых. Гэтае месца мы таксама пазначылі кветнікам. Ну і апроч таго мы даводзім да ладу тыя кветнікі, якія зрабілі раней, у тым ліку каля габрэйскага каменя. Наступным разам мы будзем пазначаць пачатак і канец дарогі смерці і месца, дзе стаяла будка ахоўніка.
РР: Фермер Уладзімір Матусевіч:
— Я хаджу на мітынгі, на Дзяды хаджу пастаянна ў Курапаты. Трэба ж камусьці хадзіць. Нельга забываць такога.
РР: Можа ў вас ёсць падставы хадзіць, можа нехта са сваякоў?
— Не, калі б я расказаў гісторыю сваіх родных, дык тут увогуле перамяшалася б усё. Я сам з-пад Менска, з вёскі, дык з родных адных расстралялі партызаны, другіх — немцы. Вось такая мешаніна. Шкада, што дзяржава ад гэтага адхінулася і цяпер ужо выраслі пакаленні маладых людзей, якія не ведаюць пра Курапаты. І гэта крыўдна.
Дваццаць гадоў дзяржава не хацела ведаць пра Курапаты, а зараз раптам чыноўнікі загаварылі аб мемарыялізацыі. Аднак мемарыял ужо створаны народам. Сотні драўляных крыжоў сярод соснаў уражваюць больш бетонных манументаў, — кажа Уладзімір Матусевіч.
[Not a valid template]
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя