У Курапатах прайшоў малебен у абарону народнага мемарыяла



Ва ўрочышчы Курапаты 14 красавіка прайшоў малебен у абарону народнага мемарыяла.

Паводле інфармацыі абаронцаў урочышча, 13 красавіка тут было знесена 60 металічных крыжоў, устаноўленых у 2017 годзе на грошы, сабраныя праз краўдфандынг прадстаўнікамі грамадскасці. Крыжы былі знесены падчас работ па „добраўпарадкаванні” ўрочышча, якія напярэдадні праводзілі прадстаўнікі БРСМ, „Белай Русі”, прафсаюзаў і ветэранскіх арганізацый.

Удзел у сённяшняй малітве ўзялі каля 50 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі ініцыятывы „За ўратаванне мемарыяла „Курапаты”. Так, у малітве ўдзельнічалі Ганна Шапуцька, Алесь Марачкін, Ніна Багінская, Вячаслаў Сіўчык і іншыя.

Службу правёў святар некананічнай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Вікенцій.

За падзеямі назіралі некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным.

belapan.by