У Курапатах – акцыя памяці „Ноч расстраляных паэтаў”



Акцыя памяці „Ноч расстраляных паэтаў” праходзіць вечарам 29 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты — месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій пад Менскам.

Акцыя прымеркаваная да неафіцыйнага Дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсіяў, які дэмакратычная грамадскасць адзначае 29 кастрычніка. У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях мінскай унутранай турмы НКУС, дзе зараз размяшчаецца следчы ізалятар КДБ, былі расстраляныя больш за 130 прадстаўнікоў беларускай эліты: навукоўцы, літаратары, урачы, грамадскія дзеячы, кіраўнікі, работнікі сістэмы адукацыі, будаўніцтва, прамысловасці, гандлю.

На мерапрыемства ў Курапаты ў 20.00 прыйшло да 150 чалавек, колькасць удзельнікаў павялічваецца.

Першым выступіў актывіст апазіцыі Зміцер Дашкевіч, які нагадаў, што „ў гэтую чорную ноч беларускай гісторыі з 29-га на 30 кастрычніка 1937 года больш за 100 паэтаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў расстралялі падчас святкавання чарговай гадавіны УЛКСМ”. „Уся віна гэтых людзей была толькі ў тым, што ім сніліся сны аб Беларусі, — сказаў Дашкевіч. — Гэта была не адна ноч, калі стралялі, і, на жаль, не адзін год. Але ноч гэтая сёння для нас з’яўляецца ўвасабленнем таго жахлівага тэрору, праз які прайшла наша краіна”.

„Мы пачнем гэты вечар тым, што зачытаем спісы забітых у гэтую ноч, а таксама ў іншыя ночы і ў іншыя гады пісьменнікаў, якія ахвяравалі сабой дзеля таго, каб мы сёння маглі жыць, мець сваю мову, сваю дзяржаву”, — заявіў актывіст.

На працягу некалькіх гадзін літаратары, музыканты, грамадскія і палітычныя дзеячы будуць чытаць творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, рэпрэсаваных камуністычным рэжымам у розныя гады, у тым ліку тых, хто быў расстраляны ў ноч на 30 кастрычніка 1937 года.

belapan.by

Фота з Фэйсбука Эдуарда Акуліна