У Курапатах ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій
29 чэрвеня Рух Салідарнасці „Разам” правёў традыцыйную акцыю ўшанавання ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты.
Людзі, што прыйшлі памаліцца за спачын душ забітых НКВД беларусаў, казалі пра лёс беларускай нацыі падчас пачатку ІІ Сусветнай вайны, калі на нашай зямлі адзін акупацыйны рэжым змяняў другі. Мы ўспомнілі растраляных вязняў турмаў НКВД, якіх напачатку вайны дванаццаццю калонамі гналі на ўсход. Месцы іх апошняга спачыну – на Вілейшчыне, у горадзе Чэрвень, у вёсцы Мікалаева – дэлегацыі Руху адведалі напярэдадні.
У гонар трагічна загінуўшага 28 чэрвеня 1942 года класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Янкі Купалы Алена Кісялёва прачытала яго верш.
Да акцыі далучылася і спадарыня Вольга, што жыве недалёка ад урочышча і даглядае за кветкамі ля крыжоў. Малітвай, хвілінай маўчання, нацыянальным гімнам „Магутны Божа” мы ўшанавалі ахвяр нашага народа, запалілі знічкі. Тройчы прагучала „Жыве Беларусь!”
Беларускае Радыё Рацыя