У Курапатах ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій



29 сакавіка ў Курапатах адбылася традыцыйная акцыя Руху Салідарнасці “Разам” па ўшанаванні ахвяр камуністычных рэпрэсій.

Нягледзячы на холад, на Курапацкай Галгофе сабраліся 9 актывістаў.

Выступалі Вячаслаў Сіўчык, Алена Талстая, Аляксей Туровіч.

Вячаслаў Сіўчык прапанаваў ушанаваць хвілінай маўчання памяць айцоў-заснавальнікаў БНР, якія загінулі ад камуністычных рэпрэсій і прапанаваў, каб Рух Салідарнасці “Разам” усталяваў крыж у іх памяць 29 лістапада, у дзень прыняцця ІV Устаўной Граматы БНР.

Пасля гэтага прамоўца падзякаваў кіраўніцтву Руху за асабістую мужнасць 25 сакавіка, а персанальна сустаршыні Алене Талстой і міжнароднаму каардынатару Ігару Лялькову, – адзіным палітыкам, якія дайшлі да плошчы Якуба Коласа і незаконна былі затрыманыя там.

Алена Талстая падзякавала сябрам Сойма Руху Салідарнасці “Разам” Славаміру Адамовічу і Ніне Багінскай, якія былі затрыманыя прэвентыўна, і актывістам арганізацыі Валеру Бычкоўскаму і Аляксею Кулашкову, а таксама прачытала верш народнага паэта Рыгора Барадуліна, які меўся прагучаць 25 сакавіка на плошчы, а прагучаў у Дзень Волі ў Савецкім РАУСе: “25 сакавіка – годны дзень Беларускай дзяржавы!”

Сказала, што ёй дадае сілы мужнасць нашых людзей і тое, што нашыя жанчыны-актывісткі здольныя былі прайсці тым маршрутам, якім павінны быў прайсці наш Марш, і ускласці кветкі да помніка Максіму Багдановічу.

Рэжысёр Аляксей Туровіч паведаміў, што фільм “Жоўты пясочак” па творы Васіля Быкава ўжо праглядзелі ў Youtube каля 2 млн гледачоў у розных краінах свету.

Сябра Сойма Руху Салідарнасці “Разам” Ніна Багінская, якая ў знак пратэсту супраць рэпрэсій на Дзень Волі нашыла на свае паліто лозунг “Свабоду народу!”, прачытала верш народнага паэта Ніла Гілевіча:

Будзьце пракляты вы, каты свабоды! Вы, што душылi i душыце нас! Вы, акупатары нашай гасподы, Нашых багаццяў i нашых украс!

Акцыя ўшанавання скончылася малітвай “Ойча Наш”, гімнам “Магутны Божа!”, запальваннем знічак і ўскладаннем кветак да памятнага камяню на Курапацкай Галгофе і да Крыжа Пакутнікам Беларусі.

Напрыканцы, па традыцыі, тройчы прагучала “Жыве Беларусь!”

[Not a valid template]

Прэс-група Руху Салідарнасці “Разам”