У Курапатах ушанавалі памяць ахвяр палітычных рэпрэсій



Актывісты Руху салідарнасці “Разам” напрыканцы месяца  па традыцыі ўшанавалі ў Курапатах пад Менскам памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Гаворыць сябра сойму Руху Вячаслаў Сіўчык:

– У гэтым месяцы сёлета няма 29-га чысла. І таму мы збіраемся ў апошні дзень лютага. Бо нашыя агульныя мэты, каб быў у будучым беларускім календары дзень 29 кастрычніка, як Дзень ушанавання памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Не пры сённяшняй уладзе, на вялікі жаль. Трагедыя беларускай нацыі ў тым, што тыя, хто сёння мае ўладу, яны маюць свой генезіс, яны якраз паходзяць з тых змрочных колаў, якія абрушылі ў часы Савецкага Саюза на голавы беларусаў палітычныя рэпрэсіі.  

Напрыканцы кожнага месяца Рух салідарнасці “Разам” ушаноўвае ў Курапатах малітвай і хвілінай маўчання памяць расстраляных 29 кастрычніка 1937 года культурных, палітычных, навуковых дзеячоў Беларусі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск